Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 лютага 2023, 16:18

Галоўчанка: сітуацыя ў цэнаўтварэнні пад кантролем, сістэма рэгулявання працуе

10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя ў сферы цэнаўтварэння застаецца пад кантролем, выпрацаваная сістэма рэгулявання працуе. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Галоўны вынік даклада, што сістэма выпрацавана. Яна дзейнічае. Яна не прывяла да негатыўных эфектаў ні для бізнесу, ні для гандлю. Яна не з'яўляецца дагматычнай, адкрыта для мадыфікацый. І ўжо ў бліжэйшы час першы віцэ-прэм'ер урада па даручэнні Прэзідэнта правядзе пашыраную сустрэчу з удзельнікамі рынку, з кіраўніцтвам і ўласнікамі прадпрыемстваў гандлю, гандлёвых сетак. Калі будзе неабходна, будуць выпрацаваны дадатковыя меры", - сказаў прэм'ер-міністр.

Мэтавая ўстаноўка перад урадам сфарміравана. Усе кіраўнікі дзяржаўных органаў, урада, якія маюць да гэтага дачыненне, далажылі аб сітуацыі. Яна, як прынята гаварыць, стабільная і кантралюемая", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што ў канцы мінулага года ўжо нават назіралася дэфляцыя - зніжэнне цэн.

"Правалаў нейкіх няма. Тое, што Прэзідэнт узнімаў пытанні і крытычна даваў ацэнкі пэўным момантам, гэта не значыць, што штосьці ўтойвалася або мы гэтага не бачылі. Так, ёсць пытанні, дзе яшчэ да канца мы недапрацавалі", - сказаў кіраўнік урада.

Напрыклад, кіраўнік дзяржавы звяртаў асаблівую ўвагу на рэалізацыю прадукцыі са стабілізацыйных фондаў. "Іх задача двайная (стабфондаў. - Заўвага БЕЛТА). Першае - стварыць гарантаваны фонд агародніны для таго, каб нашы жыхары маглі ў магазіне купіць беларускую бульбу, буракі, моркву. І па даступных цэнах забяспечыць іх пастаўкі на кухні - камбінаты школьнага харчавання, бальніцы і гэтак далей", - растлумачыў Раман Галоўчанка.

Аднак належнага арганізацыйнага падыходу да работы такіх фондаў раней не было. У іх закладваліся пэўныя аб'ёмы прадукцыі, але часам штосьці не выкарыстоўвалася, псавалася або, наадварот, заканчвалася. У выніку вясной даводзілася завозіць прадукцыю па імпарце.

"Мы паставілі перад сабой задачу ў мэтах выканання даручэнняў Прэзідэнта ўсё ж такі навесці парадак са стабілізацыйнымі фондамі. Гэта значыць павінна быць сістэма забеспячэння: сабралі, паклалі, вызначылі цэны, хто будзе выбіраць гэту прадукцыю і па якіх цэнах яна павінна будзе прадавацца - цэнавы калідор. І ўжо ў мінулым годзе пэўныя вынікі былі на гэтай ніве. І ў гэтым годзе, я думаю, яны будуць лепшымі. Таму што ў стабілізацыйныя фонды закладзена прадукцыя пад поўную патрэбнасць краіны", - запэўніў Раман Галоўчанка. Калі ўтворацца нейкія лішнія аб'ёмы, яны будуць рэалізаваны на экспарт.

"І ёсць індыкатыўныя параметры, колькі павінна каштаваць беларуская бульба, капуста, буракі, морква і гэтак далей. Калі параметры будуць перавышацца, будуць прымацца меры. Аж да самых строгіх, якія былі ў мінулым годзе. Але пакуль сімптомаў таго, што гэта спатрэбіцца, няма. Больш таго, цяпер цэны не толькі ніжэйшыя за ўзровень гэтага індыкатыва, але і практычна па ўсіх пазіцыях агародніны - баршчовага набору - ніжэйшыя за ўзровень мінулага года. Аж да 50 працэнтаў. Звязана гэта як з больш добрым ураджаем, так і з іншымі фактарамі, якія паўплывалі на цэны. Таму тут ніякіх апасенняў няма", - расказаў Раман Галоўчанка.

Ён таксама асабліва падкрэсліў, што ў выпадку з цэнамі важны не толькі адміністрацыйны кантроль, паколькі ў цэнаўтварэнні адыгрываюць ролю попыт і прапанаванне, уздзейнічаючы на рынак. "Усё павінна быць збалансавана. Акрамя адміністрацыйных мер патрэбны і эканамічныя. Мы павінны прапанаваць больш свайго тавару", - сказаў прэм'ер-міністр.

На гэта ў тым ліку арыентаваны праграмы імпартазамяшчэння. Напрыклад, у сельскай гаспадарцы павялічваюць вытворчасць пладова-ягадных і іншых культур. Адзін з яскравых прыкладаў - буякі, па якіх у Беларусі практычна ўжо адышлі ад імпарту. Тое ж датычыцца развіцця садоўніцтва і павелічэння аб'ёмаў вытворчасці айчынных яблыкаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі