Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 кастрычніка 2020, 17:03

Галоўчанка: галоўнае - выйсці на акупнасць праектаў па развіцці "Белшыны"

28 кастрычніка, Бабруйск /Кар. БЕЛТА/. Галоўнае - выйсці на акупнасць праектаў па развіцці ААТ "Белшына". Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў час наведвання прадпрыемства ў Бабруйску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Белшына" - знакавае прадпрыемства для нашай краіны, важная апора беларускай эканомікі. Таму дзяржава ўдзяляе гэтаму прадпрыемству асаблівую ўвагу. Мы ўважліва сочым за працэсамі, якія тут ідуць. Для нас важна, каб прадпрыемства мела дакладныя прагнозы на бліжэйшую будучыню, - адзначыў Раман Галоўчанка. - Сёння мы абмяркоўвалі пытанне аб трансфармацыі прадпрыемства, яго фінансавым аздараўленні. Таму што праекты, якія рэалізуюцца цяпер на "Белшыне", дастаткова затратныя. Не так добра склалася рыначная сітуацыя, якая дала б магчымасць хутка вярнуць гэтыя грошы. Таму фінансавая нагрузка на прадпрыемства ёсць. І цяпер галоўнае - выйсці на акупнасць гэтых праектаў. На прадпрыемстве працуюць у гэтым напрамку. Мы разглядалі, за кошт чаго можна паскорыць гэты працэс. Аддача, вядома, будзе. Цяпер выпраўляюцца недахопы, якія былі дапушчаны пры планаванні гэтых праектаў".

Раман Галоўчанка азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі на заводах буйнагабарытных і звышбуйнагабарытных шын. У час нарады абмеркавалі шэраг пытанняў, якія датычацца мадэрнізацыі вытворчасці. Тут ідзе тэхнічная і эканамічная мадэрнізацыя, у час якой рэалізуецца шэраг значных інвестыцыйных праектаў, укараняецца сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне, якое забяспечвае аўтаматызацыю вытворчасці.

На заводзе ЗБГШ на заключным этапе рэалізацыі знаходзіцца інвестыцыйны праект "Асваенне вытворчасці СМК шын радыяльнай канструкцыі з пасадачным дыяметрам 57-63 дзюймы з рэканструкцыяй падрыхтоўчага цэха". Закуплена сучаснае абсталяванне вядучых сусветных кампаній. Гэта дало магчымасць павялічыць асартымент і аб'ём вытворчасці звышбуйнагабарытных радыяльных СМК шын для самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. У час рэалізацыі праекта выпушчаны доследныя партыі шын з пасадачным дыяметрам 51, 57, 63 дзюймы. Да гэтага шыны такіх памераў выпускалі толькі тры кампаніі ў свеце.

У бліжэйшую пяцігодку на прадпрыемстве будуць рэалізаваны яшчэ некалькі інвестыцыйных праектаў: стварэнне вытворчасці СМК шын радыяльнай канструкцыі з дыяметрам 25-29 дзюймаў; павелічэнне магутнасці па выпуску грузавых суцэльнаметалакордных шын.

"Работа "Белшыны" паказвае, што прадпрыемства можа генерыраваць прыбытак. Мы працуем збалансавана, атрымліваем прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, своечасова разлічваемся з даўгамі. Нягледзячы на складанасці на знешніх рынках з-за пандэміі, за апошнія 4 месяцы змаглі ў паўтара раза нарасціць аб'ёмы вытворчасці і рэалізацыі, - адзначыў генеральны дырэктар Андрэй Бунакоў. - Драйверам росту для "Белшыны" павінен стаць завод звышбуйнагабарытных шын".

Паводле слоў гендырэктара, на прадпрыемстве цяпер прапрацоўваюць доўгатэрміновую стратэгію развіцця. "У нас ёсць пэўны план. Мы заключылі кантракт з кансалтынгавай кампаніяй і разбілі яго на два этапы. Першы этап прадугледжвае дыягностыку прадпрыемства, выяўленне рэзерваў і патэнцыялу, якія будуць эфектыўнымі ў будучым, - адзначыў Андрэй Бунакоў. - Пасля гэтага этапу будзе складзена дарожная карта, у якой будзе дакладна прадпісвацца, што рабіць і які эфект мы павінны атрымаць. Другая частка - фактычнае суправаджэнне дарожнай карты з распрацоўкай стратэгіі развіцця да 2030 года. Да гэтай работы прыцягваем спецыялістаў, якія маюць неабходныя кампетэнцыі не толькі на шынным рынку, але і аўтамабілебудаванні".

Цяпер планы па экспарце на "Белшыне" перавыконваюць, пры гэтым продажы ідуць як на знешнім, так і на ўнутраным рынку. "Пытанне павышэння долі "Белшыны" на ўнутраным рынку таксама абмяркоўвалася сёння - гэта датычыцца шын масавага спажывання. Цяпер перад прадпрыемствам стаяць пэўныя выклікі, гэта звязана са стратэгічнай трансфармацыяй. Мы падышлі да этапу, калі трэба вызначыць, як развівацца далей. І гэта пытанне знаходзіцца на кантролі ўрада, - дадаў прэм'ер-міністр. - Мы глядзім за тым, каб якасна планавалася работа. Мы чуем шмат парад ад так званых незалежных эканамістаў, як будаваць эканоміку Беларусі. Мы рады ўсім парадам, галоўнае, каб яны былі канкрэтнымі і прыземленымі, а агульныя рэцэпты з падручнікаў па эканоміцы 1-2 курса нам не патрэбны".

ААТ "Белшына" аб'ядноўвае тры шынныя заводы: буйнагабарытных шын, масавых шын, звышбуйнагабарытных шын і механічны завод, філіял "Белшына-Агра", а таксама вытворчасць гумавых вырабаў у Крычаве. На прадпрыемстве асвоена больш за 300 мадэлей шын. Тут працуюць больш за 8 тыс. чалавек. Беларускія шыны экспартуюцца ў 60 краін свету.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі