Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 жніўня 2022, 15:09

Галоўчанка: для стымулявання спажывання трэба істотна знізіць працэнтныя стаўкі па крэдытах

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для стымулявання спажывання трэба істотна знізіць працэнтныя стаўкі па крэдытах у эканоміцы. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на пасяджэнні Савета Міністраў аб функцыянаванні эканомікі ва ўмовах санкцый і мерах па іх пераадоленні пад старшынствам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ва ўрадзе бачаць тры асноўныя фактары аднаўлення эканамічнага росту: экспарт, інвестыцыі і спажыванне. Што датычыцца апошняга, то Раман Галоўчанка ўпэўнены ў неабходнасці стымулявання ўнутранага спажывання. З улікам празмернай ліквіднасці, якая ўтварылася ў банкаўскай сістэме, урад мае намер устанавіць для дзяржаўных банкаў павышаныя заданні па росце крэдытавання для спажывецкіх, інвестыцыйных мэт, а таксама бягучай дзейнасці прадпрыемстваў. "Лічу, што час падысці да ўстанаўлення працэнтных ставак у эканоміцы на эфектыўным узроўні. Шокавы стан прайшоў ужо, і высокія працэнтныя стаўкі сваю ролю адыгралі. Высокія стаўкі, як мы ўсе добра разумеем, не могуць з'яўляцца элементам доўгатэрміновай грашова-крэдытнай палітыкі. Пры гэтым паводзіны фізічных асоб змяніліся. На працягу першага паўгоддзя насельніцтва з'яўляецца ўстойлівым прадаўцом валюты, - адзначыў Раман Галоўчанка. - Больш таго, насельніцтва стала больш зберагаць. З пачатку года тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва выраслі больш як на 10 працэнтаў".

Гэтыя даныя, паводле слоў прэм'ер-міністра, сведчаць аб тым, што паводзіны насельніцтва садзейнічаюць макраэканамічнай стабільнасці. "Таму неабходна істотнае зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы. Узровень працэнтнай стаўкі па крэдытах павінен арыентавацца на прагнозны параметр па інфляцыі ў сярэднетэрміновай перспектыве. Без даступных крэдытаў не будзе ні інвестыцый, ні спажывання, ні росту", - упэўнены Раман Галоўчанка.

Закранаючы праблему росту цэн, кіраўнік урада звярнуў увагу, што энергетычны і харчовыя крызісы прывялі да росту інфляцыі ў шэрагу краін і могуць прывесці да рэцэсіі буйнейшых эканомік свету, спаду даходаў насельніцтва і росту беднасці. У Беларусі рост цэн ёсць, але ён не з'яўляецца крытычным, перакананы прэм'ер-міністр. Паводле яго даных, актыўнасць на спажывецкім рынку істотна не змянілася. "Інфляцыйныя працэсы ўдалося стрымаць у разумным калідоры перш за ўсё за кошт строгага адміністрацыйнага кіравання, і мы бачым запаволенне тэмпаў інфляцыі", - канстатаваў Раман Галоўчанка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі