Сцяг Нядзеля, 28 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
03 студзеня 2024, 12:07

Эксперт НДЭІ Мінэканомікі расказаў аб развіцці паліўна-энергетычнага комплексу Беларусі

Фота з архіва
Фота з архіва
3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Загадчык аддзела развіцця паліўна-энергетычнага комплексу НДЭІ Міністэрства эканомікі Вадзім Кандрусёў расказаў карэспандэнту БЕЛТА аб цяперашнім этапе развіцця энергетычнай сферы Беларусі і асноўных мерапрыемствах.

У класічным разуменні да зялёнай энергетыкі адносяць аднаўляльныя крыніцы энергіі (АКЭ), асноўныя з якіх выкарыстоўваюць энергію сонца, ветру, вады, біямасы, біягазу. Разам з тым падыходы па аднясенні аб'ектаў генерацыі да зялёнай энергетыкі ў апошнія гады пачалі змяняцца, адзначыў Вадзім Кандрусёў. "Так, у 2022 годзе ў Еўрапейскім саюзе ядзерная энергетыка ўнесена ў "таксаномію ЕС". Гэта значыць, што інвестыцыі ў гэту галіну, на думку Еўрасаюза, не нашкодзяць навакольнаму асяроддзю і будуць садзейнічаць дасягненню кліматычнай нейтральнасці да 2050 года. Такое рашэнне было прынята большасцю галасоў дэпутатаў Еўрапейскага парламента", - растлумачыў ён.

Гэтыя напрамкі апошнім часам актыўна развіваюцца ў Беларусі. З прыняццем у 2010 годзе закона "Аб аднаўляльных крыніцах энергіі" магутны імпульс для развіцця атрымаў новы на той момант для Беларусі напрамак у энергетыцы - аднаўляльная энергетыка.

Сумарная электрычная магутнасць установак АКЭ ў Беларусі па стане на 1 студзеня 2023 года склала 631,5 МВт, што ў чатырнаццаць разоў перавышае гэты ж паказчык трынаццацігадовай даўнасці - 45 МВт на 1 студзеня 2010 года (да прыняцця закона). З выкарыстаннем энергіі сонца ў Беларусі працуе 43,2 працэнта ўстановак, ветру - 19,3 працэнта, вады - 15,2 працэнта, біямасы - 15,9 працэнта, біягазу - 6,4 працэнта. Як вынік, аб'ём вытворчасці (здабычы) першаснай энергіі з аднаўляльных крыніц энергіі да валавога спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў у 2022 годзе дасягнуў 8,3 працэнта. На 2035 год гэты паказчык вызначаны на ўзроўні 9 працэнтаў.

У гэтай пяцігодцы найбольш значным мерапрыемствам у энергетычнай сферы рэспублікі з'яўляецца ўвод у эксплуатацыю Беларускай АЭС сумарнай устаноўленай магутнасцю 2,4 тыс. МВт, што дазваляе знізіць залежнасць краіны ад імпартуемага прыроднага газу, павысіць энергетычную самастойнасць і бяспеку рэспублікі, надаць якасна новы інтэлектуальны і тэхналагічны імпульс развіццю эканомікі. "Эксплуатацыя Беларускай АЭС пры поўнай загрузцы дазволіць замясціць да 4,5 млрд куб.м прыроднага газу ў год і знізіць удзельную вагу газу пры вытворчасці электраэнергіі з 95 да 60 працэнтаў, зменшыць выкіды парніковых газаў у атмасферу да 6,92 млн т у год", - адзначыў спецыяліст.

Задача па скарачэнні ўздзеяння энергетычнай сферы на навакольнае асяроддзе, уключаючы зніжэнне спажывання імпартуемага вуглевадароднага паліва, з'яўляецца актуальнай для Беларусі. "Для яе вырашэння будзе прадоўжана работа па забеспячэнні максімальнай генерацыі атамнай энергіі ў агульным энергабалансе краіны, эканамічна абгрунтаваным развіцці АКЭ, а таксама рэалізацыі мерапрыемстваў па энергазберажэнні і росце інвестыцыйных укладанняў у энергаэфектыўнасць", - сказаў на заканчэнне Вадзім Кандрусёў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі