20 ліпеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. У Еўразійскім эканамічным саюзе створаны ўсе ўмовы для далейшага павелічэння долі разлікаў у нацыянальных валютах, у тым ліку неабходная плацежна-разліковая інфраструктура. Аб гэтым заявіла на брыфінгу афіцыйны прадстаўнік Еўразійскай эканамічнай камісіі Ія Малкіна, паведамляе БЕЛТА.
22 ліпеня пройдзе пасяджэнне рабочай групы высокага ўзроўню з удзелам старшыні Калегіі ЕЭК Міхаіла Мясніковіча, шэрага службовых асоб ЕЭК, міністэрстваў і нацыянальных банкаў краін ЕАЭС па пытаннях павышэння ўстойлівасці эканомік дзяржаў саюза. У парадку дня - пытанні стымулявання ўзаемных інвестыцый і пашырэння выкарыстання нацыянальных валют дзяржаў ЕАЭС ва ўзаемных разліках.
"Цяпер усе ўмовы для павелічэння долі разлікаў у нацвалютах створаны, у тым ліку неабходная плацежна-разліковая інфраструктура. У той жа час у бакоў ёсць дадатковыя магчымасці па пашырэнні выкарыстання нацыянальных валют ва ўзаемных разліках, уплыў якіх плануецца абмеркаваць на пасяджэнні", - сказала Ія Малкіна.
"Адзначу, што ў 2021 годзе доля плацяжоў у нацвалютах ва ўзаемных разліках склала 73,5 працэнта. Паводле экспертных ацэнак, у бягучым годзе яна можа дасягнуць 80 працэнтаў", - дадала афіцыйны прадстаўнік ЕЭК.-0-
