Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 чэрвеня 2015, 12:56

ЕБРР прафінансаваў у Беларусі 47 праектаў па энергаэфектыўнасці на суму $17,2 млн

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ў ходзе праграмы фінансавання ўстойлівай энергетыкі ў Беларусі (BelSEFF) аказаў падтрымку 47 праектам на суму $17,2 млн. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам вядучы менеджар аддзела энергаэфектыўнасці і змянення клімату Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Вінсэнт Дуйнхаўэр, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На гэты момант праграмай прафінансавана 47 праектаў. Іх агульны кошт склаў $17,2 млн. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця задаволены гэтым вынікам, але, зразумела, мы бачым большы патэнцыял", - адзначыў Вінсэнт Дуйнхаўэр. Сярод праектаў, якія ўжо атрымалі сродкі па праграме BelSEFF, устаноўка абсталявання для вытворчасці энергіі з выкарыстаннем адходаў дрэваапрацоўкі, будаўніцтва сонечных электрастанцый і інш.

Дырэктар ЕБРР у Беларусі Франсіс Дэлэй звярнуў увагу, што рэалізацыя праектаў па энергаэфектыўнасці дапаможа беларускім кампаніям паспяхова канкурыраваць на еўрапейскім рынку. "Для Беларусі рацыянальнае выкарыстанне энергіі надзвычай важнае. Найбольш эканамічным спосабам вырашэння праблемы ўсё большых цэн на энергію з'яўляецца выкарыстанне меншай яе колькасці. Беларускім кампаніям, якія хочуць паспяхова канкурыраваць на новых рынках, у тым ліку рынку Еўрапейскага саюза, неабходна павышаць энергаэфектыўнасць і тым самым зніжаць выдаткі вытворчасці", - лічыць ён.

Рэалізацыя праектаў па энергаэфектыўнасці ў многіх еўрапейскіх краінах ужо дае вынікі. "У параўнанні з амерыканскімі кампаніямі кампаніі Еўрасаюза плацяць прыкладна на 20-30 працэнтаў больш за электрычнасць і ў два разы больш за газ. Каб застацца канкурэнтаздольнымі, кампаніі Еўрасаюза павысілі энергаэфектыўнасць на 19 працэнтаў", - адзначыў дырэктар ЕБРР у Беларусі.

Франсіс Дэлэй нагадаў, што ЕБРР займае лідзіруючую пазіцыю па садзейнічанні ў рэалізацыі праектаў у сферы рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў і аднаўляльных крыніц энергіі. Паводле некаторых даных, спажыванне энергіі на працягу двух дзесяцігоддзяў вырасце прыкладна на трэць, і рацыянальнае выкарыстанне энергіі становіцца асабліва важным для зніжэння выкіду парніковых газаў у атмасферу і барацьбы з кліматычнымі змяненнямі, гэта значыць для аховы навакольнага асяроддзя. Паводле даных Франсіса Дэлэя, пасля запуску ініцыятывы ў галіне ўстойлівай энергетыкі ў 2006 годзе ЕБРР інвесціраваў звыш 16 млрд еўра ў больш як тысячу праектаў у розных краінах.

Праграма фінансавання ўстойлівай энергетыкі ЕБРР (BelSEFF) рэалізуецца ў Беларусі з 2012 года. BelSEFF прадугледжвае прадастаўленне крэдытных сродкаў у памеры да $50 млн на фінансаванне праектаў у сферы энергаэфектыўнасці і аднаўляльных крыніц энергіі. Акрамя таго, прадугледжваецца рэалізацыя мерапрыемстваў па ўдасканаленні інстытуцыянальных асноў развіцця ў гэтых сферах.

Інвестыцыі накіраваны на стымуляванне ўстойлівага зберажэння энергіі і вытворчасці аднаўляльнай энергіі. Група тэхнічных і фінансавых экспертаў аказвае садзейнічанне саіскальнікам крэдыту ў ацэнцы і аптымізацыі іх праектаў. Беларускія банкі-партнёры ацэньваюць крэдытаздольнасць кампаніі і плануемыя параметры рэалізацыі праекта і прымуць падагульняючае рашэнне па выдачы крэдыту. Як удакладніў Вінсэнт Дуйнхаўэр, цяпер у праграме ўдзельнічаюць чатыры беларускія банкі.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця створаны ў 1991 годзе, з'яўляецца буйным інвестарам у рэгіёне і акрамя выдзялення сваіх сродкаў прыцягвае значныя аб'ёмы прамых замежных інвестыцый. З дапамогай сваіх інвестыцый ЕБРР садзейнічае правядзенню структурных і галіновых рэформ; развіццю канкурэнцыі, прыватызацыі і прадпрымальніцтва; умацаванню фінансавых арганізацый і прававых сістэм; развіццю неабходнай інфраструктуры для падтрымкі прыватнага сектара; укараненню надзейна працуючай сістэмы карпаратыўнага кіравання, у тым ліку ў мэтах вырашэння прыродаахоўных праблем.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі