Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 студзеня 2020, 16:25

ЕАБР прадастаўляе "Беларуськалію" крэдыт на $400 млн

14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўразійскі банк развіцця прадастаўляе ААТ "Беларуськалій" крэдыт на $400 млн. Крэдытнае пагадненне будзе падпісана сёння ў Мінску, паведаміў журналістам старшыня праўлення ЕАБР Андрэй Бельянінаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Памер крэдыту - $400 млн. Вытворчасць кампаніі арыентавана на экспарт, таму спакойна падпісваем, без дзяржгарантый. Лічым, што гэта ўзаемны давер", - сказаў Андрэй Бельянінаў. Магчымае падпісанне пагаднення пачалі прапрацоўваць у 2019 годзе.

Паводле яго слоў, сродкі пойдуць у тым ліку на тэхнічнае пераўзбраенне, папаўненне абаротных сродкаў прадпрыемства. Крэдыт выдзяляецца тэрмінам на 5 гадоў. Сума ўлічвае раней выдадзеныя $100 млн.

Як удакладніў генеральны дырэктар ААТ "Беларуськалій" Іван Галаваты, частка крэдытных сродкаў пойдзе на завяршэнне праекта Петрыкаўскага ГАКа, які будуецца з 2015 года. "Будаўніцтва першай чаргі завершана на 90 працэнтаў, у 2021 годзе плануецца яго завяршыць. Пачаліся ўжо работы на калійным гарызонце, вядзецца праходка горных выпрацовак", - расказаў Іван Галаваты. Ён пацвердзіў, што прадпрыемства гатова да ўзаемавыгадных кантактаў з ЕАБР.

На бягучы момант у будаўніцтва Петрыкаўскага ГАКа ўкладзена прыкладна $690 млн, у гэтым годзе плануецца накіраваць яшчэ $200-250 млн.

Са значных праектаў, куды будуць укладзены крэдытныя сродкі, таксама будаўніцтва Дарасінскага рудніка, запуск другой чаргі завода па вытворчасці нітрату калію.

ААТ "Беларуськалій" з'яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў і экспарцёраў калійных угнаенняў у свеце. У склад прадпрыемства ўваходзяць чатыры рудаўпраўленні, дапаможныя і абслуговыя падраздзяленні.

Еўразійскі банк развіцця - міжнародная фінансавая арганізацыя, заснаваная Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года для садзейнічання развіццю рыначнай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязей. Дзяржавамі - удзельніцамі банка з'яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі