Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 ліпеня 2021, 11:17

ДА "Віцебскае ўпраўленне будаўніцтвам" плануе выйсці на рынак будпаслуг Пскоўскай вобласці

5 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўнае аб'яднанне "Віцебскае ўпраўленне будаўніцтвам" плануе выйсці на рынак будаўнічых паслуг Пскоўскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар аб'яднання Аляксей Гапоненка.

Адзін з буйнейшых забудоўшчыкаў расійскага рэгіёна ААТ "Пскоўжылбуд" прапанаваў віцебскаму дзяржаб'яднанню ў якасці пілотнага праекта разгледзець магчымасць удзелу ва ўзвядзенні 4 аб'ектаў на тэрыторыі абласнога цэнтра. Цяпер "Віцебскае ўпраўленне будаўніцтвам" падлічвае эканоміку праектаў, прапрацоўвае і ацэньвае магчымасці для павышэння канкурэнтаздольнасці паслуг, а таксама фарміруе найбольш выгадны экспартны прадукт для выхаду на будаўнічы рынак Пскоўскай вобласці. "У расійскім рэгіёне перавага аддаецца супрацоўніцтву з буйнымі прадпрыемствамі будаўнічай галіны. Патэнцыял нашага аб'яднання зацікавіў расійскіх калег, а з улікам развіцця міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння на ўзроўні адміністрацый дзвюх абласцей гэта стварае спрыяльную глебу для перагавораў аб стратэгічным партнёрстве", - расказаў Аляксей Гапоненка.

У прыватнасці, размова ідзе аб падключэнні віцебскага аб'яднання да рэалізацыі на тэрыторыі Пскоўскай вобласці некаторых федэральных праграм, якія прадугледжваюць узвядзенне жылля для асобных сацыяльных катэгорый насельніцтва, а таксама для перасялення грамадзян. Акрамя таго, магчымы ўдзел віцебскіх будаўнікоў у інвестыцыйным праекце па ўзвядзенні жылога мікрараёна са спадарожнай інфраструктурай на тэрыторыі горада Вялікія Лукі, буйнога гандлёва-прамысловага цэнтра вобласці.

Такія дамоўленасці дасягнуты па выніках перагавораў у ходзе нядаўняга візіту гендырэктара аб'яднання ў расійскі рэгіён у складзе афіцыйнай дэлегацыі Віцебскай вобласці. Паездка была арганізавана па запрашэнні расійскага боку ў якасці візіту ў адказ пасля наведвання Віцебска губернатарам Пскоўскай вобласці ў верасні 2020 года. У пачатку 2021 года ў рамках падрыхтоўкі да VIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі Віцебскі аблвыканкам і Адміністрацыя Пскоўскай вобласці зацвердзілі План мерапрыемстваў на 2021-2023 гады ў развіццё Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж рэгіянальнымі органамі выканаўчай улады, падпісанага ў верасні 2015 года.

ДА "Віцебскае ўпраўленне будаўніцтвам" створана па рашэнні Віцебскага аблвыканкама ў красавіку 2018 года для агульнага кіравання і каардынацыі дзейнасці арганізацый будаўнічай галіны камунальнай формы ўласнасці, а таксама прадстаўлення іх інтарэсаў, развіцця экспарту будаўнічых паслуг. Сёння ў склад дзяржаб'яднання ўваходзіць 14 арганізацый з агульнай колькасцю работнікаў больш як 3,6 тыс. спецыялістаў. Гэта забяспечвае магчымасць заключаць вялікія будаўнічыя кантракты на ўзвядзенне аб'ектаў, у тым ліку складаных, "пад ключ".

Сярод удзельнікаў аб'яднання 10 будаўнічых прадпрыемстваў, сярод якіх ДП "Віцебскі ДБК", "Віцебсксельбуд", ААТ "Будаўнічы трэст нумар 9, г. Віцебск", ДП "Лепельская ПМК-75", а таксама праектныя УП "Інстытут Віцебскграмадзянпраект", ААТ "Віцебскпраектрэстаўрацыя", ДП "Полацкі тэхпраект" і шэраг іншых спецыялізаваных арганізацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі