Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 снежня 2022, 09:45

Чарвякоў: у краіне выбудавана сістэмная работа па ўключэнні малога бізнесу ў імпартазамяшчэнне

15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі выбудавана сістэмная работа па прыцягненні малога бізнесу ў імпартазамяшчэнне. Такое меркаванне выказаў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў падчас канферэнцыі па імпартазамяшчэнні, якая праходзіла на пляцоўцы Мінскага трактарнага завода, паведамляе БЕЛТА.

"Сістэмная работа па ўключэнні малога і сярэдняга бізнесу ў імпартазамяшчэнне выбудавана і вядзецца з выкарыстаннем трох механізмаў, - сказаў ён. - Першы механізм - фінансавая падтрымка імпартазамяшчальных праектаў. Шырокую лінейку даступных прадуктаў прапануе банкаўская сістэма краіны. Да канца года будзе прафінансавана каля 490 праектаў на больш як Br200 млн. Выгадныя пазыкі для мікра- і малых прадпрыемстваў прадастаўляе Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва. Ужо адабрана 30 праектаў на Br3,6 млрд".

Другім механізмам міністр эканомікі назваў выбудоўванне камунікацыі паміж дзяржаўнымі арганізацыямі і прыватным вытворчым бізнесам. "Такую задачу паставіў перад намі кіраўнік дзяржавы на Усебеларускім народным сходзе. Для гэтага Мінэканомікі сумесна з фондам арганізуе кантактна-кааперацыйныя біржы на буйных дзяржпрадпрыемствах. Усяго праведзена 20 мерапрыемстваў з удзелам 450 суб'ектаў гаспадарання. Такія перагаворы значна паскараюць пошук дзелавых партнёраў і стварэнне кааперацыйных ланцужкоў", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў Аляксандра Чарвякова, трэці механізм паспяховага імпартазамяшчэння - гэта электронныя гандлёвыя пляцоўкі. Яшчэ ў маі лічбавую платформу па імпартазамяшчэнні стварыла Беларуская таварная біржа. "Мы бачым, што цікавасць да гэтага механізма расце: з мая там праведзена больш за 11 тыс. здзелак на Br80 млн. Аднак цяпер сітуацыя складваецца так, што там прадстаўлена 90 працэнтаў прадаўцоў і 20 працэнтаў пакупнікоў. Падведамным прадпрыемствам неабходна больш шырока выкарыстоўваць гэты інструмент для пошуку партнёраў і рынкаў збыту", - акцэнтаваў увагу міністр.

Падводзячы вынікі свайго выступлення, Аляксандр Чарвякоў адзначыў, што высокая рэзультатыўнасць усіх названых механізмаў дасць магчымасць значна паскорыць укараненне айчынных аналагаў замежных камплектуючых, павысіць ступень лакалізацыі беларускіх тавараў і стымуляваць стварэнне новых імпартазамяшчальных вытворчасцей.

Пасля канферэнцыі на пляцоўцы МТЗ прайшла чарговая кантактна-кааперацыйная біржа. Падчас мерапрыемства прадстаўнікі малога бізнесу атрымалі магчымасць абмеркаваць на месцы ўмовы і тэрміны паставак сваёй прадукцыі з кіраўнікамі прадпрыемстваў, канструктарамі і інжынерамі.

Удзельнікамі тэматычнай канферэнцыі сталі прадстаўнікі Міністэрства прамысловасці, Міністэрства эканомікі, Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, кіраўнікі вядучых прадпрыемстваў: МТЗ, МАЗа, БЕЛАЗа, Мінскага падшыпнікавага завода, канцэрна "Белнафтахім" і інш.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі