Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 чэрвеня 2022, 19:59

Чарвякоў: кожны ўкладзены ў дзяржпраграмы бюджэтны рубель прыносіць вынік

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кожны бюджэтны рубель, укладзены ў дзяржпраграмы, прыносіць канкрэтны вынік. Аб гэтым заявіў сёння міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў у дакладзе на нарадзе ў прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі. Нарада была прысвечана ацэнцы эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўных праграм у 2021 годзе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.

Паводле слоў міністра эканомікі, дзяржпраграмы - гэта магутны бюджэтны рычаг развіцця эканомікі, асабліва ў рэгіёнах. Больш таго, яны маюць значнае сацыяльнае вымярэнне: на гэтыя грошы ствараецца інфраструктура для камфортнага жыцця людзей.

"Дзяржава ўкладвае праз інструмент дзяржпраграм значныя сродкі. Толькі ў 2021 годзе на гэтыя мэты накіравана каля Br121 млрд, трэць з якіх - з бюджэту. Маніторынг Мінэканомікі паказвае, што гэтыя рэсурсы ў цэлым расходуюцца на месцах эфектыўна. Выканана больш за 90 працэнтаў мерапрыемстваў, запланаваных на 2021 год", - сказаў Аляксандр Чарвякоў.

"З 26 дзяржпраграм тры высокаэфектыўныя, 14 эфектыўныя, сем сярэднеэфектыўныя і толькі дзве нізкаэфектыўныя. І асноўная прычына нізкай выніковасці - адмова міжнародных арганізацый выконваць раней узятыя на сябе абавязацельствы па фінансаванні часткі аб'ектаў у Беларусі. Але, зразумела, у нас ёсць і ўнутраныя рэзервы, звязаныя з арганізацыйнай і выканальніцкай дысцыплінай. Іх неабходна максімальна задзейнічаць, узмацніць кантроль за рэалізацыяй мерапрыемстваў і своечасовым фінансаваннем", - адзначыў міністр.

Аляксандр Чарвякоў падкрэсліў, што са свайго боку Мінэканомікі распрацуе методыку ацэнкі эфектыўнасці выканання дзяржпраграм аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам з фарміраваннем іх рэйтынгу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі