Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 лютага 2020, 10:39

Брэсцкі электрамеханічны завод увойдзе ў холдынг "Бабруйскаграмаш" у 2020 годзе

18 лютага, Бабруйск /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі электрамеханічны завод увойдзе ў склад холдынга "Бабруйскаграмаш" у 2020 годзе. Аб гэтым генеральны дырэктар ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Бабруйскаграмаш" Надзея Лазарэвіч расказала прэм'ер-міністру Сяргею Румасу, які наведаў прадпрыемства ў час рабочага візіту ў Магілёўскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Падпісана дарожная карта з Міністэрствам прамысловасці аб выхадзе ААТ "Тэхналіт Полацк" з холдынга. На яго месца прыйдзе Брэсцкі электрамеханічны завод ужо ў гэтым годзе, - расказала Надзея Лазарэвіч. - Гэта неабходна для таго, каб наша прадпрыемства магло прадастаўляць усю гаму сельскагаспадарчай тэхнікі. Цяпер у лінейцы адсутнічаюць сеялкі. З прыходам брэсцкага завода мы плануем гэта выправіць".

Як адзначыла генеральны дырэктар холдынга, цяпер у брэсцкага завода не самы лепшы фінансавы стан. Аднак "Бабруйскаграмаш" пачаў ужо прапрацоўваць шляхі выхаду з існуючай сітуацыі і гатовы заняцца стабілізацыяй і развіццём прадпрыемства.

Наведваючы "Бабруйскаграмаш", Сяргей Румас азнаёміўся з вытворчасцю і медэлямі сельгастэхнікі.

ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Бабруйскаграмаш" вырабляе больш за 90 мадэлей машын сельскагаспадарчага і агульнатэхнічнага прызначэння. Цяпер у склад холдынга ўваходзіць ААТ ККХ "Бабруйскаграмаш", ААТ "Бабруйсксельмаш", ААТ "Оршааграпраммаш", ААТ "Тэхналіт Полацк", ААТ "Маладзечанскі станкабудаўнічы завод" і "НДІСтромаўталінія". На гэты момант беларуская тэхніка пастаўляецца ў Сербію, Швецыю, Кітай, Мадагаскар, Анголу. Выбудавана дылерская сетка ва Узбекістане, нарошчваюцца пастаўкі ў Расію, Казахстан, Украіну, Літву і іншыя краіны. Плануецца расшырыць пастаўкі тэхнікі ў ЕС, Афрыку і Азію.

У мінулым годзе па інвестыцыйным праекце "Мадэрнізацыя фарбавальнай, нарыхтоўча-зварачнай і механаапрацоўчай вытворчасцей", уключаным у Дзяржаўную праграму развіцця машынабудаўнічага комплексу Рэспублікі Беларусь на 2017-2020 гады, было асвоена Br2,3 млн: набыта сучаснае металаапрацоўчае, зварачнае, тэрмічнае, пад'ёмна-транспартнае і іншае абсталяванне для цэхаў асноўнай вытворчасці. У планах - мадэрнізацыя і асваенне новых рынкаў збыту.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі