16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На мадэрнізацыю арганізацый тарфяной галіны ў 2008-2020 гадах накіравана больш за Br320 млн. Аб гэтым расказаў сёння міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч у час сустрэчы з працоўным калектывам ААТ "Торфапрадпрыемства Дняпроўскае", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэнерга.
"Дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі значна абнавіліся вытворчыя фонды тарфяных заводаў, больш камфортнымі сталі ўмовы працы", - адзначыў Віктар Каранкевіч.
Ён дадаў, што кожны год у краіне здабываецца каля 2 млн т торфу, вырабляецца 1,2 млн т тарфяной прадукцыі, каля 80 працэнтаў якой рэалізуецца ўнутры краіны. Акрамя традыцыйных напрамкаў выкарыстання торфу рэалізуюцца праекты па пераводзе кацельняў ЖКГ на фрэзерны торф. За апошнія пяць гадоў выканана пяць такіх праектаў, у прапрацоўцы яшчэ 12. Растуць аб'ёмы спажывання тарфянога паліва ў цэментнай галіне.
Прынята новая праграма комплекснай мадэрнізацыі торфабрыкетных вытворчасцей на 2021-2025 гады, асноўны акцэнт у якой зроблены на развіцці сыравінных баз. "Для кожнай арганізацыі галіны вызначаны вытворчыя і эканамічныя паказчыкі, асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца пашырэнню асартыменту выпускаемай прадукцыі, пошуку новых рынкаў збыту", - адзначыў міністр.
У час рабочай паездкі на ААТ "Торфапрадпрыемства Дняпроўскае" Віктар Каранкевіч наведаў цэхі, майстэрні, вагоннае дэпо і кацельню, азнаёміўся з вынікамі вытворча-гаспадарчай дзейнасці завода, ходам мадэрнізацыі, а таксама планамі па абнаўленні парку тэхнікі. Дадзены даручэнні па далейшым умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемства, паляпшэнні ўмоў працы.-0-