Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 чэрвеня 2022, 14:32

БНБК заключыла першыя біржавыя здзелкі па пастаўцы амінакіслот у Башкортастан

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першыя здзелкі па рэалізацыі L-лізін сульфату вытворчасці Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК) у Башкортастан праведзены на Беларускай універсальнай таварнай біржы. Аб гэтым расказаў першы намеснік старшыні праўлення БУТБ Эдуард Бельскі падчас анлайн-семінара, прысвечанага біржавому гандлю прадукцыяй аграпрамысловага комплексу, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.

"Павелічэнне аб'ёмаў біржавога гандлю з рэгіёнамі РФ - адзін з прыярытэтных напрамкаў знешнегандлёвай палітыкі біржы. Сёння даволі актыўна развіваецца супрацоўніцтва з кампаніямі з Ленінградскай, Маскоўскай, Смаленскай, Бранскай, Валгаградскай, Пскоўскай, Калінінградскай і Чэлябінскай абласцей, а таксама з дзелавымі коламі Алтайскага і Краснадарскага краёў. Што датычыцца Башкортастана, то пачаткам практычнага ўзаемадзеяння з гэтым рэгіёнам стаў візіт на біржу бізнес-дэлегацыі ў снежні мінулага года. Тады з магчымасцямі беларускай біржавой пляцоўкі азнаёміліся больш як 70 прадпрыемстваў рэгіёна", - сказаў Эдуард Бельскі.

У далейшым прадстаўнікі БУТБ увайшлі ў склад рабочай групы па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Башкортастанам і паўдзельнічалі ў яе пасяджэнні ва Уфе ў маі гэтага года. Акрамя таго, адбылася серыя вебінараў, па выніках якіх на біржы акрэдытаваліся 4 кампаніі з Башкортастана. "Менавіта гэтыя прадпрыемствы заключылі першыя здзелкі па закупцы прадукцыі БНБК на біржавых таргах. Вядома ж, разлічваем, што ў далейшым аб'ёмы продажаў будуць расці, а асартымент закупляемых тавараў пашырацца", - адзначыў прадстаўнік біржы.

У анлайн-семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі Башкортастана і кіраўнікі 24 кампаній з гэтага рэгіёна, якія спецыялізуюцца на вытворчасці, рэалізацыі і закупцы тавараў сельскагаспадарчай групы. Абмеркаваны перспектывы ўключэння прадпрыемстваў Башкортастана ў работу дзеючай на БУТБ пляцоўкі імпартазамяшчэння. На гэтай біржавой платформе ўжо гандлююць кампаніі з іншых рэгіёнаў Расіі, прычым заключаюцца не толькі традыцыйныя экспартна-імпартныя здзелкі, але і транзітныя кантракты, калі і прадавец, і пакупнік з'яўляюцца рэзідэнтамі РФ.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі прайшлі ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з найбуйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі