Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 студзеня 2023, 09:41

Біржавы тавараабарот Беларусі і Уральскай федэральнай акругі вырас на трэць за 2022 год

19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За мінулы год біржавы тавараабарот Беларусі і Уральскай федэральнай акругі вырас на 33 працэнты. Аб гэтым заявіў начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці БУТБ Аляксандр Башлій у час анлайн-канферэнцыі, арганізаванай Гандлёвым прадстаўніцтвам РФ у Беларусі і Расійскім экспартным цэнтрам, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

Для павелічэння аб'ёмаў узаемнага гандлю Беларусі з Уральскай федэральнай акругай Беларуская ўніверсальная таварная біржа гатова прадаставіць экспартна арыентаваным прадпрыемствам рэгіёна сваю лічбавую інфраструктуру і інструментарый. Чакаецца, што, акрамя спрашчэння выхаду ўральскіх экспарцёраў на беларускі рынак, прымяненне біржавога механізма забяспечыць альтэрнатыўны канал паставак тавараў, вырабленых на Урале, у трэція краіны.

"За мінулы год біржавы тавараабарот Беларусі і Уральскай федэральнай акругі вырас на 33 працэнты. Немалаважную ролю ў гэтым адыграла высокая актыўнасць на таргах кампаній з Курганскай вобласці, якія пастаўлялі для патрэб беларускага прамысловага комплексу і будаўнічай галіны шырокі спектр вырабаў з чорных металаў. Адных толькі маставых металаканструкцый рэалізавана на $10,4 млн. У Чэлябінскай вобласці беларускія прадпрыемствы традыцыйна закуплялі вугаль, кабельна-правадніковую прадукцыю і ферасплавы, а ў Свярдлоўскай - трубны пракат і каляровыя металы. Асобнай увагі заслугоўвае Ханты-Мансійская аўтаномная акруга, паколькі ў мінулым годзе кампаніі з гэтага рэгіёна ўпершыню заключылі здзелкі на беларускай біржавой пляцоўцы", - паведаміў Аляксандр Башлій.

Разам з тым, паводле слоў начальніка ўпраўлення ЗЭД, нягледзячы на даволі высокую дадатную дынаміку тавараабароту, развіццё супрацоўніцтва Беларусі і Уральскай федэральнай акругі ў сферы электроннага біржавога гандлю пакуль ідзе не такімі хуткімі тэмпамі, як хацелася б.

"Галоўная праблема заключаецца ў недастатковай інфармаванасці дзелавых колаў аб магчымасцях біржавога механізма. Цяпер на нашай пляцоўцы акрэдытаваны толькі 157 суб'ектаў гаспадарання Уральскай федэральнай акругі. Рэзервы росту каласальныя. Мы ўскладаем вялікія надзеі на цэнтры падтрымкі экспарту, якія маглі б стаць сувязнымі звёнамі паміж біржай і прадстаўнікамі бізнесу з рэгіёнаў. Такое ўзаемадзеянне, безумоўна, надало б магутны імпульс развіццю біржавога гандлю акругі з Беларуссю", - падкрэсліў Аляксандр Башлій.

Прадстаўнік біржы таксама адзначыў, што ў рамках работы па пашырэнні пула ўдзельнікаў біржавых таргоў з Уральскай федэральнай акругі запланаваны ўдзел БУТБ у міжнароднай прамысловай выстаўцы "Інапрам", якая адбудзецца 10-13 ліпеня ў Екацярынбургу. На працягу года будуць праводзіцца вочныя і анлайн-семінары для зацікаўленых прадпрыемстваў - як экспарцёраў, так і імпарцёраў.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі прайшлі ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з найбуйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі