20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Беларуснафта" не чакае дэфіцыту нафтапрадуктаў у Беларусі ў выпадку абмежавання іх паставак з Расіі, паведаміў сёння намеснік генеральнага дырэктара "Беларуснафты" Сяргей Каморнікаў на міжнароднай канферэнцыі "Рынак нафтапрадуктаў і газу Беларусі: вытворчасць, трэйдынг, розніца", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дэфіцыту нафтапрадуктаў мы не чакаем. Унутраны рынак працаваў і будзе працаваць стабільна ў любых умовах", - заявіў Сяргей Каморнікаў. Ён нагадаў, што асноўная задача канцэрна "Белнафтахім" - забяспечыць стабільнасць работы ўнутранага рынку, як рознічнага, так і аптовага сегмента, прамысловых прадпрыемстваў, якія з'яўляюцца вялікімі спажыўцамі нафтапрадуктаў.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што "Беларуснафта" ніколі не гандлявала імпартнымі нафтапрадуктамі. "Усе нафтапрадукты, якія прадаюцца ў нашай сетцы, з'яўляюцца прадукцыяй беларускай вытворчасці - Мазырскага НПЗ або "Нафтана", - сказаў ён.
"Магу стапрацэнтна гарантаваць, што на нашу сетку ("Беларуснафта". - Заўвага БЕЛТА) гэта не паўплывае. Структура паставак такая, што і расійскія аператары АЗС - кампаніі "Лукойл", "Газпрамнафта", "Татнафта" большую частку нафтапрадуктаў прадаюць беларускай вытворчасці. Яны маюць кантракты з нашымі перапрацоўчымі заводамі", - дадаў Сяргей Каморнікаў.-0-