Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 лютага 2020, 16:52

"Беларуснафта" мае намер нарошчваць прысутнасць на рынку сэрвісных паслуг у Расіі і Украіне

28 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. "Беларуснафта" мае намер нарошчваць прысутнасць на рынку сэрвісных паслуг у Расіі і Украіне, паведаміў сёння журналістам намеснік генеральнага дырэктара "Беларуснафты" Дзяніс Вараб'ёў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Дзяніса Вараб'ёва, расійскі рынак для прадпрыемства з'яўляецца ключавым. "Гэта рынак перспектыўны. Мы бачым яго далейшае развіццё і выбудоўваем стратэгію для ўзмацнення нашай прысутнасці", - сказаў намеснік генеральнага дырэктара.

"Беларуснафта" рэалізуе дагаворы з некалькімі расійскімі кампаніямі. Напрыклад, падпісаны кантракты з кампаніяй "Газпрамнафта" на бурэнне бакавых ствалоў, свідравін, з ТАА "РН-Пурнафтагаз" - па будаўніцтве і аднаўленні свідравін метадам бурэння бакавога ствала.

"У заказчыкаў умацавалася разуменне, што падрадчык (у нафтавым сэрвісе. - Заўвага БЕЛТА) павінен мець і штат персаналу, здольны выконваць складаныя працэсы пры будаўніцтве свідравін, і неабходнае сучаснае абсталяванне для рэалізацыі тэхнічных задач", - адзначыў Дзяніс Вараб'ёў.

Ён звярнуў увагу на значны патэнцыял украінскага рынку. "Адчуваем сябе на гэтым рынку ўпэўнена, пацвердзілі ўжо сваю тэхнічную кваліфікацыю, тэхнічную адпаведнасць, аснашчанасць. Заказчыкі гэта бачаць і запрашаюць да ўдзелу ў тэндарах", - расказаў намеснік гендырэктара.

Ва Украіне заключаны дагаворы з АТ "Укргазздабыча" - аб работах па гідраразрыве пласта і калцюбінгавых тэхналогіях, з ДТЭК Нафтагаз - па будаўніцтве свідравін на газакандэнсатных радовішчах. "Удзельнічаем і ў тэндарах па сейсмаразведцы", - дадаў Дзяніс Вараб'ёў.

Цяпер ва Украіне дзейнічаюць дзве брыгады па бурэнні свідравін - у гэтым годзе плануюць увесці чатыры-пяць аб'ектаў. Яшчэ чатыры ў планах па бурэнні бакавых ствалоў.

"2019 год для нас ва Украіне быў годам рэкордаў. У тандэме з заказчыкамі адпрацавалі пэўныя тэхналогіі, былі зменены падыходы ў свідраванні. Нам удалося скараціць цыкл будаўніцтва свідравін з 6-7 месяцаў да 3-3,5 месяца", - падкрэсліў намеснік гендырэктара.

Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў іншых краінах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі