26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі бюджэт і нафтатранспартныя арганізацыі нясуць страты ад паставак няякаснай нафты. Аб гэтым сёння на перагаворах беларускага, расійскага, украінскага і польскага бакоў у Мінску заявіў старшыня канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Рыбакоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Паступленне няякаснай сыравіны прывяло да няштатнай работы беларускіх перапрацоўчых заводаў і, як вынік, зніжэння выпрацоўкі нафтапрадуктаў і невыканання кантрактных абавязацельстваў перад спажыўцамі нашай прадукцыі. Страты нясе дзяржаўны бюджэт Беларусі і нафтатранспартныя арганізацыі", - сказаў Андрэй Рыбакоў.
Паводле слоў кіраўніка канцэрна, на працягу апошніх дзён на тэрыторыі Беларусі фіксуецца значнае перавышэнне хлорарганікі ў расійскай нафце. У далейшым беларускія лабараторныя аналізы былі зафіксаваны і пацверджаны як у Расійскай Федэрацыі, так і ў Польшчы, Украіне - па ўсёй сістэме магістральнага нафтаправода "Дружба".
Па стане на сёння, транзітны паток у нафтаправодзе спынены ва ўсіх напрамках, і значны аб'ём няякаснай нафты затрымаўся на тэрыторыі Беларусі. "Мы запрасілі ўсіх вас для выпрацоўкі адпаведных рашэнняў існуючай праблемы: аднаўленне паставак сыравіны на НПЗ і транзітнага патоку нафты. Беларускі бок мае тэхнічна дакладнае бачанне і прапановы па нармалізацыі сітуацыі", - рэзюмаваў Андрэй Рыбакоў.
Як паведамлялася, "Белнафтахім" на мінулым тыдні заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расійскай экспартнай сумесі Urals, якая паступае транзітам ва ўчастак магістральнага нафтаправода ААТ "Гомельтранснафта Дружба". З-за гэтага было пашкоджана дарагое абсталяванне на Мазырскім НПЗ. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы - Мазырскі НПЗ і ААТ "Нафтан" - вымушаны знізіць загрузку магутнасцей і нясуць страты. Польшча 24 красавіка спыніла транзіт нафты па нафтаправодзе "Дружба" на нявызначаны тэрмін, прычынай стала адмова НПЗ у Польшчы і Германіі перапрацоўваць няякасную нафту з Расіі. Украіна вечарам 25 красавіка таксама спыніла транзіт расійскай нафты па нафтаправодзе "Дружба".-0-