Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 лютага 2021, 09:26

Беларусь выступае за паскарэнне рэалізацыі лічбавых праектаў у ЕАЭС - Галоўчанка

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапануе паскорыць рэалізацыю лічбавых праектаў у Еўразійскім эканамічным саюзе, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сёння на міжнародным форуме Digital Almaty Forum 2021, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Праект Еўразійскага банка развіцця "Падарожнічаю без COVID" - першы рэальна рэалізаваны лічбавы праект на тэрыторыі ЕАЭС, створаны ў інтарэсах насельніцтва. Разам з тым адзначу, што астатнія праекты лічбавага парадку дня ЕАЭС аб'ектыўна, мякка кажучы, буксуюць. Адчувальных вынікаў, у тым ліку эканамічных, за тры гады дасягнута няшмат", - сказаў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, рэалізацыя лічбавага парадку дня ў саюзе не прыводзіць да развіцця нацыянальных сегментаў, у большай ступені надаецца ўвага стварэнню цэнтралізаваных сэрвісаў, што, на думку беларускага боку, можа прывесці да дысбалансу ў пытаннях валодання данымі.

"Для ўстаранення такой сітуацыі патрэбна ініцыятыва на нашым узроўні, трэба актыўна ставіць задачы, вызначаць рэалізатараў і ажыццяўляць дзейсны кантроль. Важна правільная пастаноўка задачы, распрацоўка дакладных правіл і інфармацыйнай архітэктуры. Неабходна ўзгадніць і сінхранізаваць тэмпы работ у дзяржавах і на інтэграцыйным узроўні", - лічыць Раман Галоўчанка.

У якасці прыкладу ён прывёў інтэграваную інфармацыйную сістэму ЕАЭС. У Беларусі прынята рашэнне аб стварэнні нацыянальнай сістэмы электронных пашпартоў транспартных сродкаў - яе зробяць за паўгода. У той жа час Еўразійская эканамічная камісія плануе падрыхтаваць інтэграваную інфармацыйную сістэму для абмену электроннымі пашпартамі паміж краінамі не раней, чым праз паўтара года. "Гэта, напэўна, нас не вельмі можа задаволіць", - заўважыў Раман Галоўчанка.

Пакуль марудна развіваецца праект лічбавых транспартных калідораў ЕАЭС. "Год таму ў Алматы прынята рашэнне аб пачатку праекта. І за год атрымалася толькі вызначыць пералік першачарговых сэрвісаў, якія павінны быць створаны. На нашу думку, трэба рухацца значна хутчэй", - сказаў кіраўнік беларускага ўрада.

"Беларусь падтрымлівае сумесную рэалізацыю лічбавых праектаў. У пачатку новага дзесяцігоддзі нам неабходна акумуляваць існуючыя дасягненні, навуковы патэнцыял і забяспечыць пераход у новую лічбавую рэальнасць праз інтэнсіўнае лічбавае развіццё нашых краін. Лічбавізацыя павінна вывесці на новы ўзровень рэальны сектар эканомікі, - лічыць Раман Галоўчанка. - У жыццё грамадзян павінны ўвайсці перадавыя тэхналогіі ў адукацыі, ахове здароўя, ажыццяўленні іх бяспекі".

Адным з сумесных праектаў можа стаць разумны горад. Вялікія гарады ў ЕАЭС маюць у прынцыпе аднолькавыя задачы па кіраванні асвятленнем, транспартнымі патокамі, падачай электраэнергіі, вады і цяпла. Усе гэтыя задачы можна вырашаць з дапамогай шматфункцыянальных лічбавых платформ.

"Для рэалізацыі такіх праектаў патрабуецца зладжаная работа. Прапаную Еўразійскай эканамічнай камісіі правесці аналіз праграм лічбавізацыі дзяржаў - членаў саюза, вызначыць падобныя праекты і ўнесці прапановы аб іх сумеснай рэалізацыі", - сказаў Раман Галоўчанка.

Такім чынам, на яго думку, краіны саюза атрымаюць "магутны сінергетычны эфект як адносна выбару самых эфектыўных рашэнняў, так і па зніжэнні тэрмінаў і кошту рэалізацыі такіх праектаў".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі