Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 мая 2020, 09:10

Асноўныя галіны эканомікі Кітая дэманструюць рост, фінансавы рынак стабілізуецца - Цуй Цымін

5 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кітай прымае рашучыя меры для поўнага аднаўлення эканомікі і жыццядзейнасці грамадства пасля эпідэміі COVID-19, падкрэсліў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін.

"У першым квартале бягучага года ў краіне пад кіраўніцтвам генеральнага сакратара ЦК Кампартыі КНР мэтанакіравана праводзіліся прафілактыка і кантроль эпідэміі каранавіруса новага тыпу, а таксама работа па сацыяльна-эканамічным развіцці, - падкрэсліў дыпламат. - Цяпер распаўсюджванне эпідэміі ў Кітаі ў асноўным заблакіравана, паскорана аднаўляецца вытворчасць. Асноўныя галіны эканомікі ўжо дэманструюць добры рост, у цэлым сацыяльна-эканамічнае развіццё становіцца стабільным".

Цуй Цымін звярнуў увагу на значныя аспекты, звязаныя з вяртаннем да прывычнага рытму жыцця ў краіне: "Вельмі важна гарантаваць харчовую і энергетычную бяспеку, эфектыўна вырашыць такія праблемы жыццезабеспячэння людзей, выкліканыя эпідэміяй, як скарачэнне даходаў і рост цэн. Таксама важна паскорыць ліквідаванне недахопаў у ахове здароўя. Пад кантролем сітуацыя з занятасцю: па стане на канец сакавіка вярнуліся на свае працоўныя месцы больш як 91 працэнт працаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў (з гадавым даходам ад асноўнай дзейнасці больш за 20 млн юаняў)".

Паводле слоў дыпламата, у сельскагаспадарчай галіне аб'ём вытворчасці ў першым квартале вырас на 3,5 працэнта ў параўнанні з мінулым годам. Паспяхова праводзяцца веснавыя работы, плошчы вырошчвання многіх культур, у тым ліку агародніны, пашырыліся. Пасол звярнуў увагу і на тое, што ў першым квартале аб'ём рознічных продажаў праз інтэрнэт вырас на 5,9 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Фінансавы рынак, валютныя рэзервы, абменны курс кітайскага юаня ў асноўным стабільныя, сказаў Цуй Цымін.

Кіраўнік дыпламатычнай місіі таксама падкрэсліў, што КНР мае намер узмацніць рэгуляванне макрапалітыкі. Кітай прыняў маштабны комплекс мер у адказ на зніжэнне эканамічнага росту ў краіне, выкліканае эпідэміяй. У іх ліку - выдача мясцовым органам улады спецыяльных пазык, скарачэнне падаткаў, павелічэнне сум паўторнага крэдытавання. Прадугледжаны таксама меры, якія садзейнічаюць поўнаму аднаўленню вытворчасці. Прыкладаюцца намаганні для стымулявання работы і мадэрнізацыі прыватных прадпрыемстваў.

"На ўрадавым узроўні ўзмоцняць падтрымку прафесійнай падрыхтоўкі кадраў, заахвочванне масавай занятасці для выпускнікоў універсітэтаў, прыцягнення рабочых да працаўладкавання ў сельскай мясцовасці. Самая пільная ўвага будзе звернута на прадаўжэнне ліквідацыі беднасці, прафілактыку экалагічных забруджванняў", - сказаў Цуй Цымін.

Ён адзначыў: у краіне маюць намер прадаўжаць скарачэнне кіраўніцкага апарату і прадастаўленне большых правоў ніжэйшым органам улады. Будуць прыкладзены намаганні для стабілізацыі знешняга гандлю і паскоранага развіцця такіх новых яго фарматаў і мадэлей, як трансгранічная электронная камерцыя і рыначныя закупкі. Таксама будзе пашыраны каталог прадпрыемстваў для стымулявання інвестыцый замежных прадпрымальнікаў.

Пасол асабліва падкрэсліў, што ўрад мае намер узмацніць падтрымку эканамічнага і сацыяльнага развіцця правінцыі Хубэй, а таксама Пекіна, Цяньцзіня і іншых гарадоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі