Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 чэрвеня 2020, 19:01

АПК, будаўніцтва і ІТ цяпер выступаюць драйверамі эканамічнага росту - эксперт

30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сельская гаспадарка, будаўніцтва і сфера ІТ цяпер выступаюць драйверамі эканамічнага росту ў Беларусі. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам дырэктар Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Васіль Гурскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ва ўмовах міжнароднай турбулентнасці, калі ўзрастае нявызначанасць у сусветнай эканоміцы, неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу сферам дзейнасці і галінам, якія забяспечваюць базавыя патрэбнасці чалавека. Вядома, вельмі добра, што ў нас у краіне доўгія гады быў асаблівы акцэнт на харчовай бяспецы. Цяпер сельская гаспадарка - адзін з драйвераў эканамічнага росту разам з будаўніцтвам і сферай IT-паслуг", - сказаў Васіль Гурскі.

Вучоны падкрэсліў, што палітыка кіраўніцтва краіны дала магчымасць мінімізаваць эканамічныя наступствы пандэміі. "Па сутнасці, Беларусь пазбегла неабходнасці перазапускаць сваю эканоміку, таму што прадпрыемствы ў нас не закрываліся, працавалі па меры магчымасці, граніцы былі адкрыты, рухаліся таварныя патокі. Таму цяпер цалкам можна перайсці да этапу аднаўлення эканамічнага росту", - лічыць ён.

"Як аказалася, каранакрызіс - гэта не столькі медыцынская, колькі сацыяльна-эканамічная, а часам нават палітычная праблема. Таму на эканамістаў ускладаюцца вялікія надзеі ў плане пошуку спосабаў забеспячэння эканамічнага росту", - адзначыў Васіль Гурскі.

У краіне быў прыняты пакет першачарговых мер для падтрымкі нацыянальнай эканомікі. "Цяпер урад рыхтуе меры падтрымкі рэальнага сектара. На мой погляд, неабходна падтрымка экспартна арыентаваных прадпрыемстваў, меры па абароне нацыянальнага рынку", - падзяліўся меркаваннем вучоны.

Круглы стол "Забеспячэнне эканамічнага росту Рэспублікі Беларусь ва ўмовах новых выклікаў і пагроз" праводзіўся Інстытутам эканомікі НАН Беларусі да Дня эканаміста (30 чэрвеня). Асноўная мэта мерапрыемства - вызначэнне магчымасцей, крыніц і шляхоў забеспячэння эканамічнага росту Беларусі ў сучасных умовах, улічваючы наступствы пандэміі COVID-19. У круглым стале прынялі ўдзел прадстаўнікі вядучых навукова-даследчых арганізацый і ўстаноў эканамічнага профілю НАН і розных ведамстваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі