Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 сакавіка 2016, 19:18

Адзіныя гранічныя тарыфы на ўсе ЖКП упершыню ўстаноўлены ў Беларусі - Церахаў

24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Галоўнай навацыяй указа нумар 107 "Аб аплаце жыллёва-камунальных паслуг, што аказваюцца насельніцтву" з'яўляецца ўстанаўленне адзіных гранічных тарыфаў на ўсе жыллёва-камунальныя паслугі, заявіў сёння міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў у час круглага стала "Плата за ЖКП: новыя тарыфы і падыходы" ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Галоўная навацыя ўказа, які падпісаны ўчора, - тое, што ўпершыню ў адным дакуменце сабраны ўсе тарыфы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі (як субсідзіраваныя, так і поўныя), якія будуць з'яўляцца абавязковымі для прымянення на ўсёй тэрыторыі краіны. Важна адзначыць, што яны будуць з'яўляцца гранічнымі, гэта значыць вышэй за гэтыя тарыфы быць не можа. Такім чынам, мы рэалізавалі патрабаванні кіраўніка дзяржавы, калі ў адзіным дакуменце сабраны ўсе тарыфы і чалавек зможа, кіруючыся гэтым дакументам, падлічыць кошт паслуг", - адзначыў Аляксандр Церахаў.

Паводле яго слоў, зніжаны тарыфы на паслугі водазабеспячэння ў 1,7 раза (з Br4765,9 да Br2790 за 1 куб.м), водаадвядзення - больш як у 2,2 раза (з Br4148,8 да Br1863 за 1 куб.м). Тарыф на тэхнічнае абслугоўванне ліфта складае Br6 тыс. 911. "Фактычна на тым узроўні, што быў у снежні. Зніжэнне склала ад студзеньскага тарыфу на 30 працэнтаў", - растлумачыў міністр. Ён таксама канстатаваў, што ўказам упершыню зацверджаны тарыф на санітарнае ўтрыманне месц агульнага карыстання - Br5 тыс. 300.

"Устаноўлены гранічныя нормы кампенсавання затрат на такія паслугі, як асвятленне месц агульнага карыстання і электраэнергія на рух ліфтаў - Br3 тыс. 900 і Br2 тыс. 600 на чалавека", - расказаў Аляксандр Церахаў.

Таксама, паводле яго слоў, упершыню зацверджаны адзіны гранічны тарыф на тэхнічнае абслугоўванне запорна-перагаворных устройстваў - Br9 тыс. 100 - для ўсіх арганізацый незалежна ад формы ўласнасці. "Але гэта пры ўмове, калі ў грамадзян заключаны дагавор з абслуговай арганізацыяй, паколькі гэта паслуга з'яўляецца дадатковай", - растлумачыў Аляксандр Церахаў.

Міністр дадаў, што ўказ нумар 107 - гэта комплексны дакумент, рэалізацыя якога дасць магчымасць адказаць на ўсе пытанні, якія датычацца фарміравання кошту комплексу жыллёва-камунальных паслуг.

"Рабочая група яшчэ раз ацаніла тарыфы, якія былі прыняты, зыходзячы з магчымасцей аплаты насельніцтвам жыллёва-камунальных паслуг. У выніку былі знойдзены рэзервы для іх зніжэння", - рэзюмаваў Аляксандр Церахаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі