Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 верасня 2021, 15:42

З панарамамі, будынкамі і знаёмымі вуліцамі: у НББ прадставяць выставу "Самабытны Мінск"

3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспазіцыя "Самабытны Мінск", прысвечаная Дню горада, адкрыецца 10 верасня ў галерэі "Мабільная" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

На экспазіцыі пакажуць, як развівалася сталіца. Гасцям прапануюць паглядзець на Мінск праз работы беларускіх графікаў і фатографаў: убачыць старонкі гісторыі горада ў розныя перыяды яго існавання, панарамы, славутасці знаёмых вуліц і будынкаў.

"Значныя этапы жыцця і дасягненняў горада відаць са старонак публікацый. У экспазіцыю ўвайшлі больш за 20 тэматычных выданняў са збору бібліятэкі. Сярод іх маляўнічыя альбомы, навукова-папулярныя выданні, турыстычныя буклеты, паштоўкі з краявідамі, гістарычнымі мясцінамі і помнікамі Мінска", - расказалі ў НББ.

Дапоўніць кніжную частку экспазіцыі графіка беларускіх класікаў Арлена Кашкурэвіча, Аляксандра Паслядовіча, Наталлі і Кацярыны Паплаўскіх, Людвіга Асецкага, Сямёна Геруса, Аляксандр Кашалёва, Леаніда Марчанкі. "Больш за 20 мастакоў прадставяць сталіцу ў такіх графічных тэхніках, як літаграфія, ксілаграфія, лінагравюра, аўталітаграфія, афорт. А старадаўнія паштоўкі, гістарычныя публікацыі і графічныя пісьмы не дадуць забыць, якім быў горад раней, і пераканацца, што яго дружалюбная і прыцягальная атмасфера засталася нязменнай", - падкрэслілі арганізатары.

На выставе наведвальнікі змогуць убачыць знаёмыя будынкі і сімвалы Мінска: абрысы старажытных пабудоў, тагачасных вуліц без уладкавання, сквер на месцы плошчы Якуба Коласа каля філармоніі, стары Дом-музей I з'езда РСДРП да рэстаўрацыі, Дом афіцэраў без манументальнай мармуровай агароджы, стары будынак вакзала, помнік на плошчы Перамогі і іншыя прывычныя будынкі і сімвалы горада, выкананыя мастакамі з цеплынёй і павагай.

Выстава будзе доўжыцца да 10 лістапада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі