Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 лютага 2019, 13:05

Выстава жывапісу і графікі сям'і мастакоў Крупянковых пройдзе ў Мінску

28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава жывапісу і графікі творчай сям'і мастакоў Вольгі і Юрыя Крупянковых "Тандэм" адкрыецца ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага 6 сакавіка, паведамілі БЕЛТА ў Музеі гісторыі горада Мінска.

Экспазіцыя прымеркавана да 50-годдзя аўтараў і 25-годдзя творчай дзейнасці. У ёй прадставяць каля 50 жывапісных палоцен Юрыя і 50 твораў друкаванай графікі Вольгі.

У сваёй творчасці Юрый Крупянкоў развівае традыцыі рэалістычнага жывапісу, працуючы ў жанры партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа. На выстаўцы прадэманструюць яго цыклы работ "Двое", "Сям'я", "Свята", "Ідышлэнд", "Партрэты дзеячаў культуры Беларусі".

Вольга Крупянкова займаецца друкаванай графікай і экслібрысам, працуе над работамі ў тэхніцы літаграфіі. У экспазіцыі будуць як літаграфіі вялікіх памераў, так і шэраг экслібрысаў, зробленых мастачкай для калекцыянераў больш як з дваццаці краін свету. Юрый таксама захапіўся экслібрысам, на працягу апошніх гадоў ім надрукавана некалькі кніжных знакаў, якія таксама можна будзе ўбачыць.

"Нягледзячы на тое, што мастакі працуюць у розных тэхніках і жанрах, іх творчая манера мае шмат агульнага - гэта пазітыўнае стаўленне да свету, жаданне бачыць радасць і казачнасць у звычайных рэчах, адчуванне свята. Шмат увагі яны ўдзяляюць перадачы чалавечых пачуццяў, цеплыні сямейных адносін, стараюцца ўбачыць гармонію і хараство жыцця, - расказалі ў музеі. - Не баючыся складаных шматфігурных кампазіцый, стараюцца дасягаць у сваіх работах максімальнай выразнасці. Грунтоўная прадуманасць і дакладнасць дэталей у палотнах Юрыя спалучаецца з вытанчанасцю і выразнасцю насычаных графічных лістоў Вольгі. Мастакі адкрываюць гледачу дарогу ў свой сввет, адначасова рэальны і казачны, напоўнены цеплынёй і любоўю".

Праект "Тандэм" будзе працаваць па 24 сакавіка.

Вольга і Юрый Крупянковы - члены Беларускага саюза мастакоў, удзельнікі і лаўрэаты многіх міжнародных выстаў-конкурсаў і кангрэсаў экслібрыса. Разам навучаліся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К.Глебава і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Юрый скончыў аддзяленне жывапісу, Вольга - графікі. Юрый прадоўжыў навучанне на кафедры жывапісу БДАМ у Мая Данцыга, а таксама ў Творчых акадэмічных майстэрнях пры Міністэрстве культуры ў Міхаіла Савіцкага. Сёння абодва выкладаюць у ВНУ, Юрый - дацэнт кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Вольга - старшы выкладчык кафедры рысунка архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі