Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 сакавіка 2019, 13:25

Выстава "Усе разам-6" у Брэсце знаёміць з лепшымі работамі маладых беларускіх мастакоў

1 сакавіка, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. У выставачным зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра 28 лютага адкрылася выстава маладых мастакоў "Усе разам-6", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У гэтым годзе традыцыйная выстава праходзіць у незвычайным фармаце: нараўне з работамі маладых мастакоў Брэсцкай вобласці ў экспазіцыі прадстаўлены творы пераможцаў арт-праекта "Асенні салон Белгазпрамбанка". Гасцявы праект прымеркаваны да святкавання тысячагоддзя горада і дваццацігоддзя абласной дырэкцыі ААТ "Белгазпрамбанк". У выставачнай зале размясцілася 75 работ выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 34 аўтараў, многія з якіх ужо з'яўляюцца прызёрамі і лаўрэатамі міжнародных, рэспубліканскіх, абласных выстаў і конкурсаў.

Галоўная мэта арт-праекта "Усе разам" - дапамагчы маладым мастакам рэгіёна заявіць пра сябе, прадставіць іх работы на адной з лепшых выставачных пляцовак абласнога цэнтра. Сярод удзельнікаў выставы ўжо вядомыя ў Брэсце імёны: Ганна Чапурная-Алейнік, Міраўлад Палачыч, Пётр Кузьміч-малодшы, Уладзімір Валаскоў, Павел Заблоцкі, Фёдар Бажын, Кірыл Карват, Леаніда Васільковіч. Таксама гледачы могуць убачыць работы ўдзельнікаў "Асенняга салона" розных гадоў - Аляксандра Бельскага, Алены Гіль, Уладзіміра Сакалоўскага, Алеся Багданава, Алесі Скорабагатай, Усевалада Швайбы, Надзеі Леановіч, Сямёна Маталянца і іншых.

"На мой погляд, тут прадстаўлены адны з лепшых палоцен "Салонаў". Адкрыццё выстаў выяўленчага мастацтва - добрая справа. Паколькі карціна - гэта не проста ўвасобленае хараство або праўда ў разуменні мастака. Гэта магчымасць нам падумаць пра сябе саміх праз мастацтва. Таму такія рэчы выключна карысныя для кожнага чалавека", - адзначыў на вернісажы саветнік старшыні праўлення ААТ "Белгазпрамбанк" Уладзімір Сажын.

У сваю чаргу старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук падзякаваў Белгазпрамбанку за ўклад у культурны складнік горада, адзначыўшы, што сярод брастаўчан шмат людзей, якія ведаюць і цэняць мастацтва. "Наша задача - зрабіць вуліцу Савецкую не толькі прыемнай для праменаду, але і артэрыяй, дзе кіпіць культурнае жыццё горада. Мы і далей будзем падтрымліваць любыя культурныя праекты, тым больш тут, у выставачнай зале", - сказаў мэр.

Выстава "Усе разам-6" у Брэсце будзе працаваць па 17 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі