Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 мая 2021, 16:52

Выстава Уладзіміра Пракапцова адкрылася ў юбілейныя дні ў ВДУ

13 мая, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Выстава гендырэктара Нацыянальнага мастацкага музея, выпускніка і ганаровага прафесара ВДУ імя П.М. Машэрава Уладзіміра Пракапцова "Майму Віцебску, маёй Alma mater" адкрылася сёння ў сценах мастацка-графічнага факультэта. Мерапрыемства стала часткай святкавання 110-годдзя ВДУ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў мастака, для яго многае значыць віцебскі ўніверсітэт і гады вучобы ў ім. "Мне пашчасціла скончыць мастграф, і дзякуючы вучобе ў Віцебску (як я называю, у беларускім Парыжы) змог з часам рэалізаваць сябе, тут закладваўся мой творчы шлях. Выкладчыкі вучылі нас не толькі мастацтву, але і жыццю. Дзякуючы атрыманым ведам я адбыўся як чалавек, кіраўнік і мастак. Для мяне цяперашняя выстава асабліва хвалюючая - гэта своеасаблівая творчая справаздача перад педагогамі, маімі аднакурснікамі і ўніверсітэтам", - адзначыў майстар.

На выставе прадстаўлены карціны розных гадоў. На іх паказаны Віцебск, родная вёска мастака, хараство беларускай прыроды. Ёсць і студэнцкая работа Уладзіміра Пракапцова. Ён напісаў яе на 3-м курсе і паказаў снеданне ў вёсцы. "Гэта вельмі дарагая для мяне работа, якую захавала мама", - дадаў мастак.

Падчас выставы ў музей універсітэта перадалі бюст Уладзіміра Пракапцова. Гэта работа маладога скульптара з Мінска Рыпсімэ Геваркян.

Рэктар ВДУ Валянціна Багатырова адзначыла, што Уладзімір Пракапцоў - гонар ВНУ. Уладзімір Іванавіч пастаянна з любоўю гаворыць пра свой універсітэт, Віцебшчыну і пэдагогаў. Падчас святкавання юбілею мастак атрымае нагрудны знак ВДУ імя П.М. Машэрава.

У гэтыя дні Віцебскі дзяржуніверсітэт адзначае 110-гадовы юбілей. 12 мая прайшло пасяджэнне школы лідараў "Машэраўцы", заклалі камень будучай алеі Славы прафесараў ВДУ, прайшоў паказ спектакля ўніверсітэцкай студыі. Сёння ў ВНУ адкрылі памятную дошку на вучэбным корпусе на вул. Чэхава, дзе раней размяшчаўся мастацка-графічны факультэт, таксама працуе дыялогавая пляцоўка і пройдзе ўрачыстае пасяджэнне савета ўніверсітэта. Заўтра, 14 мая, святкаванне юбілейнай даты прадоўжыцца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі