Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 ліпеня 2020, 14:57

Выстава ў НММ азнаёміць з творчай спадчынай мастака Уладзіміра Сулкоўскага

13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава твораў вядомага беларускага мастака Уладзіміра Сулкоўскага "Яго зямля, яго людзі", прымеркаваная да 70-годдзя з дня яго нараджэння, праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі арганізатары.

"Гэта першая ў Нацыянальным мастацкім музеі экспазіцыя вядомага майстра, які пастаянна дэманстраваў свае работы на выставах у Беларусі і еўрапейскіх краінах. Выстава "Уладзімір Сулкоўскі - яго зямля, яго людзі" мемарыяльная. На ёй шырока прадстаўлены ўсе этапы творчага шляху мастака - ад ранніх карцін пачатку 1970-х гадоў да апошніях прац майстра, выкананых у канцы жыцця. Рэтраспектыўная экспазіцыя ўключае ў сябе знакамітыя карціны "Зямля Браслаўская" (1979-1982), "Курган" (2008), іншыя работы, што захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея, а таксама работы, якія прыналежаць дачцэ мастака Алене Сулкоўскай. Некаторыя з іх экспануюцца ўпершыню", - расказалі ў НММ.

Шырокі дыяпазон работ дае магчымасць убачыць як вялікія завершаныя палотны, так і невялікія натурныя эцюды, якія даюць цудоўнае ўяўленне пра выразны, арыгінальны, экпрэсіўны стыль жывапісу мастака. "У аснове экспазіцыі - пейзажныя работы майстра, на якіх занатаваны любімыя мясціны яго роднай Беларусі, партрэты палескіх жанчын у народным адзенні, выявы інтэр'ераў палескіх дамоў. Прадстаўлены таксама партрэты вядомых дзеячаў беларускай гісторыі і культуры - лідара паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага і паэтаў, сяброў мастака - Рыгора Барадуліна і Сержука Сокалава-Воюша. Сабраныя разам, гэтыя карціны даюць магчымасць гледачу па заслугах ацаніць творчую спадчыну Уладзіміра Сулкоўскага, яго значэнне ў беларускім мастацтве апошняй чвэрці ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя", - адзначылі ў музеі.

Выстава будзе працаваць па 23 жніўня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі