Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 снежня 2020, 11:57

Выстава аўтарскіх калекцый сцэнічных касцюмаў Наталлі Смаляк адкрылася ў Мінску

2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстава мастака па касцюмах, члена Беларускага саюза мастакоў Наталлі Смаляк "Скрозь час" адкрылася 1 снежня ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У экспазіцыі прадстаўлены сучасныя сцэнічныя касцюмы ў стылі гістарычных убораў ХVI-ХVII стагоддзяў. "Гэта частка выставы складаецца з трох калекцый - "Чорная Панна", "Белая Панна" і " Шляхецкі скарб". Я натхнялася вядомымі беларускімі легендамі. Паколькі гэта сцэнічныя касцюмы, то для іх стварэння выкарыстоўваліся сучасныя матэрыялы і аблегчаныя канструкцыі, каб акцёрам было зручней", - сказала Наталля Смаляк.

Ёсць і касцюмы, распрацаваныя на аснове беларускіх народных і вясельных убораў. "Серыі адзення "Адлюстраванне" і "Паляцела птушачка" выкананы ў тэхніцы ручнога рамеснага ткацтва, але стылізаваны пад сучаснасць", - падкрэсліла мастачка.

Паводле слоў Наталлі Смаляк, вышыўка ў яе работах машынная, але яна не аўтаматызавана. Малюнкі мастачка стварае самастойна. Ідэі касцюмаў чэрпае з багатай беларускай гісторыі, звяртаецца да хараства беларускай зямлі. "Складана вывучаць, напрыклад, вясельныя ўборы і заставацца абыякавай. Вось я і прадставіла сваё бачанне народнага касцюма. Тым не менш кожны з іх я стылізавала. Гэта не копіі традыцыйных убораў - зменена палітра колераў, нейкія дэталі", - звярнула ўвагу аўтар.

"Наталля - чалавек моцны ў адносінах да мастацтва. Тое, што яна зрабіла і робіць, - найвялікшая праца, якая заслугоўвае асаблівай павагі да яе", - сказаў загадчык кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прафесар, доктар мастацтвазнаўства БДУКІМ Рыгор Шаура.

Намеснік старшыні па творчых і агульных пытаннях Беларускага саюза мастакоў Андрэй Басалыга адзначыў, што выстава дае поўнае ўяўленне аб Наталлі Смаляк як прафесіянале ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. "У гэтых работах відаць тонка выражаныя кампазіцыйныя і каляровыя рашэнні. Тут мы можам гаварыць аб жывапісных і графічных якасцях дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Мы рады, што ў Саюзе мастакоў ёсць такія людзі", - дадаў ён.

На выставе прадстаўлена больш за 30 убораў, 40 эскізаў і 50 фотаздымкаў, якія дэманструюць 25-гадовы творчы шлях аўтара. Кожны касцюм - адлюстраванне пэўнага творчага этапу. Усе работы ў экспазіцыі "Скрозь час" маюць узнагароды розных конкурсаў і выстаў.

Убачыць экспанаты можна па 15 снежня.

Наталля Смаляк з 2003 года - член Беларускага саюза мастакоў. Упершыню работы былі прадстаўлены ў 1995 годзе. Яе творчасць звязана са сферай тэкстылю і сцэнічнага касцюма. Своеасаблівы аўтарскі стыль і выразная канцэпцыя творчасці дазволілі заняць нішу сярод іншых напрамкаў сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Творы Наталлі Смаляк запатрабаваны ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Украіне, Малдове, Казахстане, Узбекістане. Асобныя работы, выкананы па заказах творчых калектываў і пасольстваў, знаходзяцца ў Германіі, Францыі і Вялікабрытаніі. Усяго мастачка распрацавала касцюмы для больш як 150 калектываў з 15 краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі