Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 сакавіка 2019, 12:19

Выстаўка "1919: Беларуская рэспубліка" адкрылася ў Мінску

29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка "1919: Беларуская рэспубліка", прымеркаваная да 100-годдзя абвяшчэння БССР і 95-годдзя аб'яўлення беларусізацыі, адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы прымянілі некалькі падыходаў - класічнае фарміраванне экспазіцыі, у аснове якой ляжыць музейны прадмет і мемарыяльная рэч, што належала выдатным палітычным дзеячам, і ў той жа час сумясцілі з такім крэатыўным візуальным элементам, як комікс, прычым комікс сур'ёзны, які расказвае аб пэўных эпізодах і сюжэтах беларускай гісторыі. Мы пастараліся стварыць у зале атмасферу, у якой развівалася наша краіна і нацыя ў пачатку ХХ стагоддзя. Нам удалося не толькі паказаць праз прызму музейных прадметаў і розных сродкаў мастацкай выразнасці саму тэматыку, але і гістарычную драматургію, таму што выстаўка даволі дынамічная і цікавая", - адзначыў дырэктар музея Павел Сапоцька.

Паводле яго слоў, цэнтральны экспанат - сэрца з крывяноснымі сасудамі, у якім скрыты пэўныя філасофскія сэнсы. Побач з ім фатаграфіі выдатных асоб, якія заклалі аснову існавання сучаснай Беларусі, што складалася з некалькіх элементаў: мовы, літаратуры, мастацтва, адукацыі, навукі. "Усе гэтыя элементы мы можам аб'яднаць словам "культура" народа, дзякуючы якой яны і забяспечылі пэўны росквіт нашай краіны, не гаворачы ўжо пра адраджэнне народнай гаспадаркі. Таму гэтыя дзве тэмы - 100-годдзе абвяшчэння БССР і 95-годдзе абвяшчэння палітыкі беларусізацыі - фарміруюць пэўны кантэкст, праз які можам усвядоміць і асэнсаваць ролю асобы і тых падзей", - сказаў дырэктар.

Павел Сапоцька нагадаў, што ў 2018 годзе была праведзена выстаўка, прымеркаваная да 100-годдзя БНР, у бягучым - стварылі да юбілею БССР, але абедзве тэмы складаныя. "Праект мы пастараліся зрабіць максімальна жывым, каб людзі даведаліся, вывучылі, захацелі чагосьці большага. Я думаю, экспазіцыя зацікавіць гледача", - дадаў ён.

Выстаўка прадстаўляе больш за сто экспанатаў са збору Нацыянальнага гістарычнага музея, Нацыянальнага архіва Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Цэнтральнага архіва КДБ. Сярод іх - гістарычныя дакументы, арыгіналы і факсіміле Канстытуцыі ССРБ і Маніфеста 1919 года, Канстытуцыі 1927 года, а таксама прадметы побыту і асабістыя рэчы палітычных дзеячаў: пішучая машынка Усевалада Ігнатоўскага, гадзіннік Іосіфа Адамовіча, муштук Івана Луцкевіча, кашуля Дзмітрыя Жылуновіча, пячаці таго часу, шабля, шашка казачая, плакаты, часопісы, кнігі і інш. Акрамя таго, можна азнаёміцца з інтэрактыўнай картай асноўных месцаў падзей, зрабіць здымак у гістарычных фотазонах.

Над праектам працавалі 7 маладых супрацоўнікаў гістарычнага музея, якія змаглі праз прызму сучаснасці прыадкрыць старонку стогадовай даўнасці. "Ідэя выстаўкі нарадзілася і ішла цалкам з мінулагодняй экспазіцыі, прысвечанай 100-годдзю БНР. Мы хацелі зрабіць праект аб ідэі нашай дзяржавы і яе зараджэнні ў пачатку ХХ стагоддзя. І паказаць шлях Беларусі да таго моманту, калі яна атрымала граніцы, урад і ўсе атрыбуты дзяржаўнасці. Але ў той жа час гэта выстаўка пра людзей, у чыіх грудзях білася беларускае сэрца, пра тое пакаленне, якое на сваіх плячах вынесла гэту ідэю і зрабіла яе рэальнай. Іх усіх аб'ядноўвала любоў да Беларусі", - падкрэсліў навуковы супрацоўнік музея куратар выстаўкі Аляксандр Зімніцкі.

Экспазіцыя "1919: Беларуская рэспубліка" будзе працаваць да 12 мая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі