Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 жніўня 2016, 12:53

"Вялікую бард-рыбалку" ў Быхаўскім раёне наведалі больш як 5 тыс. чалавек

1 жніўня, Магілёў /Вольга Емяльянава - БЕЛТА/. VII Міжнароднае музычна-спартыўнае свята "Вялікая бард-рыбалка", якое прайшло ў пасёлку Грудзічына Быхаўскага раёна (на беразе Чыгірынскага вадасховішча) з 29 па 31 ліпеня, наведалі больш як 5 тыс. чалавек. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аргкамітэце свята.

За гады правядзення мерапрыемства гэта рэкордная колькасць турыстаў і музыкантаў. Аўтары ідэі свята гомельскі музыкант Вячаслаў Клімовіч, ураджэнец Адэсы бард Віктар Байрак і ўласны карэспандэнт БЕЛТА Сяргей Кулягін і не думалі, што з "пасядзелак" для вузкага кола бардаў-рыбакоў вырасце фестываль міжнароднага ўзроўню, вядомы не толькі ў Беларусі, але і за межамі краіны.

Той, хто хоць раз пабываў на "Вялікай бард-рыбалцы", абавязкова вяртаецца сюды зноў. Асаблівая атмасфера, прасякнутая добразычлівасцю, творчасцю, гумарам разам з прыгожай прыродай і чыстым паветрам, прыцягвае магчымасцю сумясціць фізічны адпачынак з душэўным. Нездарма ў бягучым годзе фестываль сабраў удзельнікаў і прыезджых з 10 краін.

Акрамя шматгадзіннай музычнай праграмы ў рэжыме нон-стоп на дзвюх сцэнах, у кожным палатачным лагеры ноччу стыхійна арганізоўваліся свае міні-канцэрты. Адпачывальнікі збіраліся вакол кастроў, каб у вузкім коле сяброў атрымаць асалоду ад бардаўскай песні.

Пры поўным аншлагу праходзілі не толькі выступленні зорак, але і дзённыя рыбалоўныя, кулінарныя, лазневыя майстар-класы і спаборніцтвы. Традыцыйныя з іх, якія сталі асновай культурна-забаўляльнай праграмы "Вялікай бард-рыбалкі" з першых дзён фестывалю, - рыбалоўныя спаборніцтвы і конкурс аўтарскай песні "Гітара па крузе".

На гэты раз самым удачлівым рыбаком стаў Аляксей Дубоўскі, якому належыць лепшы вынік у асабістым заліку па ўлове - 8 кг 610 г і самы вялікі лешч вагой 760 г. Значна ўступіў яму па выніках Андрэй Салдаценка - 4 кг 730 г. Замкнула тройку лідараў дзяўчына. Святлана Ганчарова прадэманстравала ўлоў - 1 кг 530 г, які ўключаў 720-грамовага ляшча.

Сярод каманд першымі сталі прадстаўнікі Жабінскага камбікормавага завода. Яны налавілі 8 кг 990 г рыбы. Другой стала каманда "Багаты ўлоў" (5 кг 210 г), трэцяй - рыбакі ААТ "Белшына" (2 кг 420 г).

Конкурс аўтарскай песні "Гітара па крузе" праходзіў у два туры, самі ўдзельнікі выбіралі лепшых. Усяго было пададзена 40 заявак. Гран-пры ў бягучым годзе не прысуджалася, затое па выніках вызначыліся адразу два пераможцы. Сярод пераможцаў і мінчанка Настасся Блізнюк, якая заняла другое месца, і ўкраінка Ганна Кіяшчук, што стала трэцяй. Дыпламантамі творчага спаборніцтва названы Ксенія Бродская (г.Слуцк), Аксана Галахава (г.Сумы), Грэви (г.Мінск).

Пацвярджэннем таго, што аматары аўтарскай песні не толькі спяваюць і ловяць рыбу, але і імкнуцца весці здаровы лад жыцця, з'яўляюцца лазнева-аздараўленчае свята "Лазенькі" і адкрыты партнёрскі турнір па пляжным валейболе на прызы кампаніі "Белатміт". Гэтыя мерапрыемствы з кожным годам прыцягваюць усё больш удзельнікаў і гледачоў.

Так, спартыўныя спаборніцтвы сабралі на беразе аграсядзібы "Пяшчаны бераг" да 26 каманд аматараў і 7 каманд прафесіяналаў, сярод якіх 6 пар - удзельнікі чэмпіянату Беларусі па пляжным валейболе 2015-2016 гадоў. Ва ўпартай барацьбе перамогу сярод аматараў атрымалі бабруйчанкі Юлія Чабатарова і Юлія Іванова. Лепшымі сярод прафесіяналаў сталі Яўген Вішнеўскі і Аляксандр Шаблоўскі.

Арганізатары цяперашняй "Вялікай бард-рыбалкі" парадавалі і новымі праектамі. Упершыню адбылася жывая рэтрадыскатэка. Свой талент дарыла гасцям фестывалю заслужаная артыстка Расіі Людміла Татарава-Джыгурда. У час свята фітнес-трэнер Наталля Наважылава правяла конкурс "Каралева бард-рыбалкі". Незвычайна, прыгожа і душэўна прайшоў гала-канцэрт праекта "Іншы фармат. Альтэрнатыва папулярнай эстрадзе", дзе гледачы змаглі пачуць любімыя песні аўтараў-выканаўцаў пад акампанемент жывога міні-аркестра. Чарговы раз здзівіў турыстаў магіляўчанін Аляксандр Бендзікаў, які пабудаваў з 800 бляшанак арт-аб'ект у выглядзе гітары вышынёй 2,5 м.

Праект "Вялікая бард-рыбалка" стартаваў у 2010 годзе. За сем гадоў свята ператварылася ў яркую і неардынарную культурную падзею. Арганізатарамі фестывалю выступаюць Быхаўскі райвыканкам, творчае аб'яднанне "Сваё асяроддзе" і МДУКП "Магілёўаблтурыст" пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Генеральны партнёр праекта - ААТ "Магатэкс", афіцыйны партнёр - ААТ "Белшына". Генеральны інфармацыйны партнёр - УП "БЕЛТА".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі