Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 мая 2020, 11:12

Вялікі тэатр падрыхтаваў праект з канцэртам салістаў і ўнікальнымі кадрамі за кулісамі

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета падрыхтаваў да свайго 87-га дня нараджэння відэапраект з канцэртам салістаў і ўнікальнымі кадрамі з-за куліс, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Спецыяльна да дня нараджэння тэатра артысты запісалі незвычайны відэапраект. У ім падзеляцца ўспамінамі аб тэатральным жыцці і прызнаюцца ў любві да роднай сцэны Валянцін Елізар'еў, Ніна Казлова, Ніна Ламановіч, Юрый Траян, Аксана Волкава, Таццяна Шаметавец і многія іншыя артысты. Яркай часткай фільма стане канцэрт салістаў Вялікага тэатра, дзе Настасся Масквіна праспявае пад гітару бардаўскія песні, а Дзмітрый Шабеця і Настасся Малашкевіч - беларускую "Купалінку".

"Гэты дзень нараджэння мы святкуем у незвычайным анлайн-фармаце, але ў гэтым ёсць свае перавагі. Мы сталі бліжэй да гледачоў, бо нават у былыя часы не ва ўсіх была магчымасць наведаць тэатр. У дзень нараджэння тэатра ў маім выкананні прагучыць песня The summer time з оперы Джорджа Гершвіна "Поргі і Бес". Гэта вельмі гарманічная, светлая джазавая кампазіцыя, якая, спадзяюся, парадуе нашых гледачоў. Таксама як і ўсімі любімая народная "Купалінка", - расказала Настасся Малашкевіч.

У час паказу харэаграфічную імправізацыю станцуе заслужаная артыстка Беларусі Кацярына Алейнік, а саліст балета Іван Савянкоў дакажа, што ў яго ёсць і іншы - вакальны - талент. У невялікім святочным канцэрце можна будзе пачуць Марту Данусевіч, Тараса Прысяжнюка, Андрэя Валенція, артыстаў аркестра Дзмітрыя Гарбачука і Дзяніса Парэчына.

"Песня на англійскай мове You are my miracle, якую мы праспяваем з Тарасам Прысяжнюком, стане падарункам роднаму тэатру. Яе назва перакладаецца на рускую мову як "Ты мое чудо", на беларускую - "Ты мой цуд". Тэатр - адзін з галоўных цудаў у жыцці артыстаў, таму што ў нас ёсць магчымасць творча працаваць і натхняць любімых гледачоў", - падзялілася Марта Данусевіч.

У аматараў Вялікага тэатра таксама з'явіцца ўнікальная магчымасць зазірнуць у яго рэпетыцыйныя залы і пабываць у творчых цэхах.

Убачыць відэапраект можна 25 мая, у дзень нараджэння Вялікага тэатра Беларусі, у яго акаўнтах ва ўсіх сацсетках, а таксама на YouTube-платформе тэатра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі