Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 лістапада 2018, 15:38

"Вялікі гістарычны атлас Беларусі" плануюць прэзентаваць на міжнародных выстаўках

21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чатырохтомнае выданне "Вялікі гістарычны атлас Беларусі" плануюць прэзентаваць на міжнародных кніжных выстаўках, паведаміла сёння журналістам начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена Паўлава ў час урачыстай цырымоніі прэзентацыі выдання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вялікі гістарычны атлас Беларусі" - гэта знакавы, унікальны праект, які несумненна ўвойдзе ў скарбніцу беларускага кнігавыдання. Праект глыбокі па змесце, але што для нас важна - выпушчаны ў багатым мастацкім і паліграфічным афармленні. Думаю, атласу неабходна прыняць удзел у нацыянальным конкурсе "Мастацтва кнігі", які адбудзецца ў студзені 2019 года, а затым у міжнародным конкурсе "Мастацтва кнігі" дзяржаў - удзельніц СНД, таму што гэта выданне абавязкова будзе ўдастоена высокіх узнагарод. І, вядома ж, мы запрашаем да ўдзелу з практычна гатовай прэзентацыяй стваральнікаў атласа на буйнейшы кніжны форум нашай краіны - ХХVI Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш, што будзе праходзіць 6-10 лютага наступнага года", - падкрэсліла Алена Паўлава.

Выданне "Вялікі гістарычны атлас Беларусі" - гэта першы ўнікальны навукова-даведачны картаграфічны твор, які найбольш поўна адлюстроўвае гістарычнае мінулае беларускай дзяржавы і ўяўляе сабой каласальную сумесную працу беларускіх вучоных і картографаў.

Асноўную ролю ў арганізацыі работ па стварэнні атласа, выкананне картаграфічных работ і яго фінансаванне ажыццявіла РУП "Белкартаграфія" Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Несумненная заслуга ў падрыхтоўцы выдання належыць вучоным інстытута НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спецыялістам Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, іншых дзяржаўных органаў і арганізацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі