Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 студзеня 2021, 14:14

Уладзімір Мулявін стаў сапраўдным творцам і стварыў брэнд культуры Беларусі - Маркевіч

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уладзімір Мулявін стварыў брэнд культуры Беларусі - дзяржаўны ансамбль "Песняры". Такое меркаванне выказаў міністр культуры Анатоль Маркевіч у час цырымоніі ўскладання вянкоў да помніка народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Уладзімір Мулявін стаў сапраўдным творцам і стварыў брэнд культуры Беларусі - дзяржаўны ансамбль "Песняры", дзякуючы якому пра наш край даведаўся ўвесь свет. Для беларусаў іх творы сталі народнымі песнямі, якія дазваляюць падзяляць радасць і падтрымліваць настрой у мінуты смутку. Уладзімір Георгіевіч навучыў нас ганарыцца тым, што мы беларусы, народ, які мае тысячагадовую гісторыю і вялікую спадчыну", - сказаў Анатоль Маркевіч.

Як адзначыў міністр культуры, сённяшняя падзея знамянальная для ўсёй краіны. "У дзень 80-годдзя з дня нараджэння музыканта мы чарговы раз аддаём даніну павагі і ўдзячнасці славутаму сыну беларускай зямлі. Наўрад ці яго бацькі думалі, што вельмі таленавіты хлопчык у будучым пакладзе пачатак новай эры ў культурах Беларусі і Расіі. Нарадзіўшыся ў далёкім Свярдлоўску, у 1963 годзе ён апынуўся ў Мінску і звязаў жыццёвы шлях менавіта з нашай цудоўнай беларускай зямлёй", - адзначыў ён.

"Так здарылася, што 18 гадоў таму Уладзімір Георгіевіч пайшоў ад нас, але засталося любімае тварэнне - ансамбль "Песняры", песні, выкананыя ім самім. Ён жыў як тварыў і спяваў - натхнёна, пранікнёна, не хаваючы ўражанняў і пачуццяў. Сёння, у дзень нараджэння Мулявіна, каля помнікаў у Беларусі і Расіі будуць ускладзены кветкі як сімвал і даніна павагі легендарнаму чалавеку. Я хачу ўсіх заклікаць шанаваць памяць пра вялікага песняра беларускага народа", - сказаў на заканчэнне Анатоль Маркевіч.

Ускладанне кветак да помніка прайшло на бульвары Мулявіна. У цырымоніі прынялі ўдзел сваякі і сябры артыста, старшы саветнік пасольства Расіі ў Беларусі Ігар Гірэнка, калектывы Белдзяржфілармоніі і Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры". У час сустрэчы прагучалі запісы песень у выкананні Уладзіміра Мулявіна і "Песняроў". Вядучай мерапрыемства стала музыказнаўца Вольга Брылон.

Уладзіміра Мулявіна, легенды беларускай музыкі, не стала 26 студзеня 2003 года. Уладкаваўшыся на работу ў Беларускую філармонію, ён звязаў жыццё з Беларуссю і яе песнямі. Народная творчасць у апрацоўцы музыканта, кампазіцыі на вершы класікаў беларускай літаратуры і песні савецкіх аўтараў першай велічыні ў выкананні "Песняроў" сталі папулярнымі далёка за межамі СССР. Пясняр удастоены звання народнага артыста Беларусі і СССР, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, неаднаразова станавіўся лаўрэатам шматлікіх конкурсаў і фестываляў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі