21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Улады Кіева зацвердзілі праграму афіцыйных мерапрыемстваў міжнароднага песеннага конкурсу "Еўрабачанне-2017", перадае "Укрінфарм".
Як чакаецца, на працягу двух тыдняў паназіраць за конкурсам прыбудуць амаль 20 тыс. замежных турыстаў і ў 2-3 разы больш унутраных, для якіх рыхтуецца разнастайная забаўляльная праграма: 3D mapping show, забаўляльныя лакацыі, Kyiv Art Week і шмат іншых цікавых мерапрыемстваў.
Афіцыйная цырымонія адкрыцця "Еўрабачання" адбудзецца 7 мая ў кангрэсна-выставачным цэнтры "Паркавы". Чырвоная дарожка конкурсу размесціцца ў гэты ж дзень на плошчы Канстытуцыі і алеі каля Марыінскага палаца.
Таксама 9, 11, 13 мая адбудуцца тэлевізійныя шоу "Еўрабачання" (два паўфіналы і фінал), генеральныя рэпетыцыі якіх (пры ўдзеле гледачоў) запланаваны на 8, 10, 12 мая ў Міжнародным выставачным цэнтры.
З 1 да 14 мая ў КВЦ "Паркавы" будзе знаходзіцца Еўраклуб, а з 4 да 14 мая на вул. Крэшчацік будзе працаваць Eurovision Village - афіцыйная лакацыя для фанаў, турыстаў, гасцей горада і кіяўлян.-0-