Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 верасня 2021, 12:32

Удзельнікі міжнароднага пленэру па жывапісе падарылі магілёўскаму музею 60 карцін

9 верасня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікі міжнароднага пленэру па жывапісе "Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве" перадалі Магілёўскаму абласному мастацкаму музею імя П.В. Масленікава 60 карцін. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала дырэктар установы культуры Алена Баброва.

"Творчыя работы былі напісаны на магілёўскай зямлі падчас правядзення 25-га юбілейнага пленэру, - адзначыла Алена Баброва. - Іх аўтарамі выступілі мастакі з Беларусі, Расіі, Малдовы, Узбекістана і Егіпта. Жывапісныя палотны ўвайшлі ў падагульняючую экспазіцыю пленэру і будуць дэманстравацца ў нашым музеі на працягу месяца. Потым іх убачаць жыхары Бабруйска, пасля чаго творчасць пленэрыстаў ацэніць сталічны глядач".

Паводле слоў дырэктара музея, творчы форум быў багаты на яркія ўражанні і новыя знаёмствы. Напрыклад, удзельнікі пленэру наведалі мемарыяльныя комплексы на Буйніцкім полі і ў в. Боркі Кіраўскага раёна, Александрыі Шклоўскага раёна, правялі майстар-клас для дзяцей з Бялыніцкай дзіцячай школы мастацтваў.

У бягучым годзе мерапрыемства прысвечана памяці расійскага мастака-жывапісца і лаўрэата шматлікіх дзяржаўных прэмій Валянціна Міхайлавіча Сідарава, які стаяў ля вытокаў Міжнароднага пленэру ў Магілёве. Майстар спрыяў умацаванню творчых і культурных сувязяў прафесійных саюзаў мастакоў Расіі і Беларусі, за што ў 2008 годзе быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі