Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 сакавіка 2021, 14:49

У НББ падвялі вынікі анлайн-конкурсу чытальнікаў "О, Беларусь, мая шыпшына"

25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вынікі Рэспубліканскага анлайн-конкурсу чытальнікаў "О, Беларусь, мая шыпшына" 24 сакавіка падвялі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Конкурс з'яўляецца часткай праекта "На хвалі часу, у плыні жыцця", прымеркаванага да 100-годдзя стварэння літаратурнага аб'яднання "Маладняк", што рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і выдавецкім домам "Звязда".

"Гэты конкурс стаў вельмі важнай з'явай для нашай бібліятэкі. Мне здаецца правільным, калі аб'ядноўваюцца намаганні бібліятэкараў, музейшчыкаў, архівістаў, выдаўцоў, літаратараў, крытыкаў, бо менавіта так мы можам папулярызаваць нашу культуру, тыя цікавыя дасягненні, якія маем. "Маладняк", безумоўна, такім з'яўляецца, а імя Уладзіміра Дубоўкі ў кантэксце святочных мерапрыемстваў займае асаблівае месца, бо яго творчасць і сёння прадаўжае нас натхняць", - адзначыў намеснік генеральнага дырэктара - дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша.

Анлайн-конкурс, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка Уладзіміра Дубоўкі, праходзіў з 1 кастрычніка па 15 лістапада 2020 года. У ім прынялі ўдзел 880 чытальнікаў розных узростаў з усёй Беларусі, а таксама з-за мяжы. Ініцыятыва атрымала шырокі рэспубліканскі рэзананс, актыўна пашыралася ў сацсетках і на YouTube-канале.

"Рэзананс гэтага конкурсу, увага да яго, з'яўляецца сведчаннем таго, што творчасць маладнякоўцаў, а ў прыватнасці, Уладзіміра Дубоўкі, да гэтага часу актуальна. Удзел у ім прынялі чытальнікі з усіх раёнаў Беларусі. Маленькія вёскі, вялікія гарады, дзеці і дарослыя ад 5 і да 85 гадоў аб'ядналіся ў гэтым літаратурным конкурсе. Ён стаў для нас радасцю і вельмі вялікай працай. Цяжка было не толькі аб'ектыўна ацаніць, але нават цалкам вывучыць усе работы", - падкрэсліў Аляксандр Суша.

Пераможцамі конкурсу сталі 59 удзельнікаў у 28 намінацыях, ім уручылі памятныя дыпломы і прызы. Акрамя таго, многія былі заахвочаны дадаткова партнёрамі конкурсу.

Святочную атмасферу вечара дапамагалі ствараць сваімі творчымі выступленнямі ўдзельнікі конкурсу і народны літаратурны тэатр "Жывое слова" пад кіраўніцтвам члена журы Алесі Сівохінай.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі