Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 студзеня 2021, 10:05

У НББ адкрылася выстава да 90-годдзя мастакоў Георгія і Наталлі Паплаўскіх

16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніжна-ілюстрацыйная выстава "Тандэм натхнення", прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускіх мастакоў Георгія і Наталлі Паплаўскіх, адкрылася 15 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

"Творчасць беларускага жывапісца, графіка, ілюстратара Георгія Паплаўскага - з'ява яркая і своеасаблівая ў нацыянальнай мастацкай культуры. Паплаўскі пабачыў Кубу, Аўстралію, Мексіку, Сінгапур, Індыю і іншыя краіны, плаваў матросам у Атлантыку і Карыбскім моры, на рудавозах перасёк Арктыку. Старонкі гэтых падарожжаў можна ўбачыць у альбомах з яго жывапісам і графікай", - расказалі ў бібліятэцы.

Глыбокая і арганічная сувязь мастака з беларускай зямлёй, яе гісторыяй, культурай, літаратурнымі традыцыямі, народнай творчасцю. Асабліва душэўныя творы Георгія Паплаўскага нараджаліся ў вясковай майстэрні на Браслаўшчыне. У прысвечаны Беларусі раздзел экспазіцыі ўвайшлі лірычныя пейзажы роднага краю, партрэты людзей, карціны іх працоўнага жыцця з яго паэзіяй і прозай. Акрамя таго, можна ўбачыць кніжныя ілюстрацыі. Майстар увасобіў радкі Янкі Купалы і Якуба Коласа ў прадстаўленых на выставе графічных работах.

Характар творчага почырку Наталлі Паплаўскай склаўся пад уплывам беларускага фальклору. "Звяртанне да традыцый нацыянальнай культуры, цікавасць да гісторыі і этнаграфіі знайшлі адлюстраванне ў яркай метафарычнасці, асаблівай цеплыні адлюстравання, эмацыянальнай насычанасці мастацкіх вобразаў. Мастачка стварыла ілюстрацыі для многіх беларускіх казак, а таксама дзіцячых кніг. Асаблівая чароўнасць уласціва вядомым літаграфіям "Дзядок", "Залатая яблынька", - падкрэслілі ў НББ.

Як адзначылі арганізатары, экспазіцыя ў пэўнай ступені адлюстроўвае той значны ўклад, які ўнеслі Паплаўскія ў развіццё беларускага выяўленчага мастацтва. Іх імёны сімвалізуюць высокі ўзровень майстэрства, індывідуальны стыль, а таксама сямейны творчы клан, дзе выхоўваецца новае пакаленне графікаў. Усяго дэманструецца больш за 60 работ, сярод якіх і арыгіналы з аўтографамі мастакоў.

Наведаць выставу можна па 22 лютага.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі