Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 чэрвеня 2021, 18:33

У БДУ выйшла кніга аб першай навуковай і ўніверсітэцкай бібліятэцы Беларусі

2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. БДУ выдаў кнігу "Фундаментальная бібліятэка БДУ: 100 гадоў на службе ўніверсітэцкай адукацыі". Яна прысвечана 100-годдзю з дня заснавання ўстановы, якая стала роданачальніцай бібліятэчнай справы ў Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ВНУ.

"Прызначэнне бібліятэкі БДУ шмат у чым сугучнае місіі самога ўніверсітэта. У 1921 годзе яна адначасова з забеспячэннем адукацыйнага працэсу закладвала асновы нацыянальнай бібліятэчнай сеткі. Сёння стала адной з буйнейшых у краіне з фондам каля 2 млн тамоў айчыннай і замежнай літаратуры", - расказалі ў прэс-службе.

Кніжная навінка з сімвалічных 100 старонак - гістарычны экскурс па асноўных этапах развіцця бібліятэкі БДУ. У ёй расказваецца пра перадумовы і падзеі, якія папярэднічалі адкрыццю ўстановы. Чытач даведаецца аб фарміраванні першага фонду, структурнай арганізацыі, ролі першага рэктара Уладзіміра Пічэты і прафесараў БДУ ў напаўненні калекцыі бібліятэкі ўнікальнымі і рэдкімі зборамі.

У кнізе ўпершыню дадзена ацэнка работы ўстановы ў 1930-я гады, прыведзены падрабязнасці работы бібліятэкі ў час Вялікай Айчыннай вайны на станцыі Сходня пад Масквой і ў гады пасляваеннага аднаўлення. Дарэчы, чытач даведаецца, што пасля вяртання БДУ з эвакуацыі ўвесь кніжны фонд змяшчаўся ў адным з пакояў фізіка-матэматычнага факультэта, а штат бібліятэкі на той момант складаў 10 чалавек.

Асаблівую цікавасць уяўляюць біяграфіі дзевяці кіраўнікоў, успаміны ветэранаў, а таксама сучаснасць Фундаментальнай бібліятэкі. У аснову выдання пакладзены дакументальныя матэрыялы Нацыянальнага архіва Беларусі і перыёдыкі 1920-1930-х гадоў. Гэта дало магчымасць дапоўніць гісторыю бібліятэкі новымі імёнамі і падзеямі.

Складальнікамі юбілейнага выдання выступілі дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі Уладзімір Кулажанка, намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Ала Буціна і бібліятэкар навукова-метадычнага аддзела Кацярына Роўда.

Кніга даступна ва ўніверсітэцкай бібліятэцы і распаўсюджана па розных бібліятэках краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі