Сцяг Нядзеля, 28 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 сакавіка 2019, 16:27

Тэкстыльную творчасць майстроў Беларусі і Расіі прадставяць на фестывалі ў Мінску

18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны фестываль дэкаратыўнай творчасці "ТэкСтыльны букет", прымеркаваны да святкавання Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, пройдзе ў Мінску з 27 сакавіка па 2 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Беларуска-расійскі праект дэманструе творчыя дасягненні майстроў, якія працуюць з рознымі матэрыяламі мастацкага тэкстылю, і захоўвае нацыянальныя традыцыі тэкстыльных відаў мастацтва, іх інтэграцыю ў сацыяльна-культурнай сферы. "Нішто так не аб'ядноўвае славянскія народы, як даўнія глыбокія традыцыі жаночага рукадзелля. Майстэрствам шыцця, тэкстыльнай аплікацыі і лялек, старадаўніх вышывак і ткацтва здаўна славіліся нашы народы. Фантазійная мова творчасці розных культур зразумелая ўсім, яна збліжае, прыцягвае і аб'ядноўвае. Продкі беларусаў і расіян інтуітыўна знаходзілі колер, сімвалы, форму і прызначэнне як для абрадавых, так і для бытавых хатніх рэчаў і адзення", - адзначылі ў музеі.

Сёння прафесійныя мастакі тэкстылю, майстры-рамеснікі і аматары ўмела ўплятаюць традыцыі ў сучасныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У кожнага аўтара свая непаўторная тэхніка і манера выканання. Спалучэнне традыцыйных і сучасных матэрыялаў робіць творы эксклюзіўнымі і жывымі. "Аснову экспазіцыі складуць работы беларускіх і расійскіх аўтараў у тэхніцы вышыўкі, габелену і ткацтва, роспісу па тканіне, валяння і тэкстыльнай лялькі. Шматграннае майстэрства мастацкага тэкстылю здзівіць разнастайнасцю сюжэтаў і тэхнік, выкананнем і шырынёй фантазіі", - расказалі ў музеі.

У час фестывалю пройдуць выстаўкі, майстар-класы, дэфіле, творчыя сустрэчы. Так, у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры арганізуюць выстаўку твораў шыцця са збору Дзяржаўнага расійскага дома народнай творчасці імя В. Д. Паленава. У Гасцёўні Уладзіслава Галубка будуць дэманстравацца тэкстыльныя работы сучасных якуцкіх майстроў, а ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Беларусі арганізуюць экспазіцыю тэкстыльных твораў беларускіх аўтараў. Для ўдзельнікаў і гасцей форуму запланавана вялікая культурная і экскурсійная праграма.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Нацыянальны гістарычны музей, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, Дом Масквы, Дзяржаўны расійскі дом народнай творчасці імя В. Д. Паленава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі