Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 верасня 2019, 15:17

Супрацоўніцтва краін СНД у сферы культуры абмяркуюць у Душанбэ

17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў пройдзе ў Душанбэ 18-19 верасня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Выканкама СНД.

У праекце парадку дня сустрэчы - пятнаццаць пунктаў. Члены савета заслухаюць даклад аб дзяржаўнай культурнай палітыцы Таджыкістана, абмяркуюць праект Асноўных мерапрыемстваў супрацоўніцтва краін СНД у галіне культуры на 2021-2025 гады, які ўключае больш за 100 міжнародных і нацыянальных акцый па розных напрамках узаемадзеяння. Гэта, у прыватнасці, захаванне і выкарыстанне помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, музейная справа, бібліятэчная сфера, тэатральна-канцэртная дзейнасць, выяўленчае мастацтва, кнігавыданне і інфармацыйная дзейнасць, музыка і кіно.

Удзельнікі сустрэчы падвядуць вынікі Года культуры ў Садружнасці і ўдзелу краін у правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных Году кнігі ў СНД. На пасяджэнні плануецца ўзгадніць прыкладны графік экспанавання перасовачнай выстаўкі мастацкіх кніг сучасных аўтараў дзяржаў Садружнасці.

Плануецца абмеркаваць супрацоўніцтва ў галіне музейнай справы, удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена праекту Музея Перамогі - "Тэрыторыя Перамогі", які стартаваў у Расіі ў 2017 годзе. Ён накіраваны на стварэнне агульнай музейнай прасторы ў ваенна-гістарычнай сферы, захаванне сувязі пакаленняў, патрыятычнае выхаванне моладзі. Праект аб'яднаў рэгіянальныя і муніцыпальныя, прыватныя і школьныя музеі і цяпер актыўна развіваецца ў 75 суб'ектах Расіі.

У лістападзе 2018 года на VII Санкт-Пецярбургскім культурным форуме Музей Перамогі падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве і партнёрстве з ключавымі музеямі краін СНД. У іх ліку - Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой". У жніўні бягучага года да праекта далучыўся Дзяржаўны мемарыяльны комплекс "Хатынь".

На пасяджэнні плануецца разгледзець таксама рэалізацыю міждзяржаўнай праграмы "Культурныя сталіцы Садружнасці", дзейнасць базавых арганізацый краін СНД па супрацоўніцтве ў галіне музычна-тэатральнай справы і прафесійнай адукацыі па напрамку кіно.

Удзельнікі сустрэчы таксама маюць намер абмеркаваць прапанову ўзбекскага боку аб стварэнні віртуальнага музея культурнай спадчыны дзяржаў Садружнасці. Мэта праекта - папулярызацыя культурнай спадчыны краін СНД, прыцягненне ўвагі грамадскасці (у тым ліку адукацыйных і культурных арганізацый, СМІ) да гісторыі, а таксама прадастаўленне шырокага доступу да матэрыялаў і дакументаў па гісторыі. Музей зможа аб'яднаць матэрыяльную і нематэрыяльную культурную спадчыну краін СНД на адзінай платформе ў інтэрнэце, дзе будуць прадстаўлены найбольш цікавыя аб'екты культурнай спадчыны.

Акрамя таго, члены савета разгледзяць пытанні, якія датычацца правядзення міжнароднай выстаўкі Art Expo, папулярызацыі культурнай спадчыны ў інфармацыйнай прасторы, правядзення маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў СНД і Маладзёжнага культурнага форуму.

Савет па культурным супрацоўніцтве быў створаны ў 1995 годзе. Яго работа накіравана на далейшае ўзаемадзеянне краін у гуманітарна-культурнай сферы, фарміраванне агульнай гуманітарнай прасторы, умацаванне духоўна-маральных асноў грамадства, пошук новых форм і механізмаў супрацоўніцтва, уключаючы правядзенне сумесных форумаў, канферэнцый, тэатральных, музычных і кінафестываляў, распрацоўку праектаў шматбаковых міжнародных дагавораў і комплексных праграм. У склад савета ўваходзяць міністры культуры ўсіх адзінаццаці краін Садружнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі