Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 сакавіка 2021, 13:18

Прэміі "Залатая афіша" ўручылі лепшым работнікам Брэсцкага тэатра драмы

29 сакавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі да Сусветнага дня тэатра прымеркавалі ўзнагароджванне ўнутрытэатральнай прэміяй “Залатая афіша”, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У бягучым годзе “Залатой афішы” споўнілася роўна чвэрць стагоддзя. Раз у два гады творчы склад БАТД закрытым галасаваннем вызначае лепшыя мастацкія дасягненні акцёраў, рэжысёраў, мастакоў, пастаноўшчыкаў і іншых работнікаў сцэны. Урачыстая цырымонія прайшла ў фармаце тэатральнага капусніка ў прысутнасці шматлікіх аматараў Мельпамены.

Былі разыграны ўзнагароды ў 13 намінацыях, на якія прэтэндавалі работы ў 11 спектаклях. Акрамя таго, па-за конкурсам праходзіла намінацыя “За адданасць і служэнне тэатру”. Дыплом уручылі аднаму з самых запатрабаваных артыстаў старшага пакалення БАТД Мікалаю Маршыну, які нядаўна адзначыў 75-годдзе.

Найбольшую колькасць дыпломаў сабрала пастаноўка галоўнага рэжысёра тэатра Цімафея Ільеўскага “Алеся”. Арыгінальная сцэнічная версія аповесці Аляксандра Купрына прызнана лепшым спектаклем вялікай формы. За лепшую харэаграфію прэміяй адзначана Вольга Жук, лепшае мастацкае афармленне - Мікалай Палтарака, лепшую мужчынскую ролю другога плана - Алег Бузук, лепшую жаночую ролю - Дар'я Старасотнікава.

Лепшым спектаклем малой формы прызнана лірычная камедыя “Асенняя гісторыя” ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка БАТД, заслужанага дзеяча мастацтваў Аляксандра Козака. Гратэскная камедыя з элементамі клаўнады па п'есе Б. Брэхта “Мяшчанскае вяселле” ўдастоілася дыплома ў намінацыі “За лепшыя касцюмы”, “Лепшая мужчынская роля” - у вядучага майстра сцэны Сяргея Пяткевіча за работу ў спектаклі "ОбломоFF.RU". Ён жа адзначаны прэміяй за лепшую мужчынскую ролю ў спектаклі для дзяцей “Чароўная сіла”. Гэта пастаноўка рэжысёра Валянціны Янавец прызнана лепшым дзіцячым спектаклем.

“Усе спектаклі дастойныя. Шчыра кажучы, калі журы падводзіла вынікі, многія прэтэндэнты ішлі практычна нага ў нагу. Былі сітуацыі, калі вырашальным быў літаральна адзін голас”, - адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА генеральны дырэктар БАТД Вячаслаў Гарбузаў.

Сёлета Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы плануе парадаваць гледачоў пяццю новымі пастаноўкамі. Прэм'ерны паказ крымінальнай авантуры па матывах навелы О.Генры “Выкраданне Джоні” адбудзецца ўжо 9 красавіка.

“Пасля гэтага рэжысёр Дзяніс Фёдараў пачынае работу над пастаноўкай “Лавіна” па п'есе сучаснага турэцкага драматурга Тунджэра Джуджэн-аглы. Гэты твор яшчэ не ставіўся ў Беларусі. Да канца года запланаваны прэм'еры цікавай камедыі і дзіцячага спектакля. Таксама ў нас ў бягучым годзе павінен папрацаваць запрошаны рэжысёр, калі абстаноўка дазволіць. Ва ўсякім разе, мы вельмі на гэта спадзяёмся”, - падзяліўся планамі гендырэктар БАТД.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі