Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 сакавіка 2019, 11:27

Пра незвычайныя прафесіі беларусак расказвае фотавыстава ў Мінску

28 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фотавыставу "Яе справа", што расказвае дванаццаць гісторый самарэалізацыі беларусак, якія выбралі нехарактэрныя для жанчын прафесіі, прэзентавалі ў культурным цэнтры "Корпус", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Гераінямі серыі здымкаў Яўгена Атцэцкага сталі жанчыны, якія выбралі для сябе прафесіі, прынятыя лічыць мужчынскімі. Удзельніцы ўнікальнага фотапраекта працуюць на заводах і прадпрыемствах, вучацца або развіваюць уласную справу ў Мінску, Салігорску, Наваполацку, Гомелі, Жлобіне і іншых гарадах Беларусі. 36 фатаграфій пераносяць гледача на месца работы ствалавога падземнага, ляснічага, электраманцёра, вадзіцеля-выпрабавальніка, мехатроніка, каваля, зваршчыка, фрэзероўшчыка, оптыка-механіка, токара-рэвальвершчыка, машыніста па навіванні канатаў.

Аўтары праекта раскрылі ўнікальныя погляды і жыццёвую пазіцыю сваіх гераінь не толькі на фотаздымках. Наведвальнікам выставы прапануюць азнаёміцца з запісанымі ў час фотасесій гісторыямі кожнай гераіні, дзе расказваецца аб іх выбары прафесіі, спецыфіцы і складанасцях работы, перашкодах, планах і імкненнях.

З фарматам работы, калі партрэтная здымка сумяшчаецца з інтэрв'ю, аўтар здымкаў Яўген Атцэцкі быў знаёмы яшчэ да гэтага праекта. Такі фармат работы дазволіў фатографу атрымаць не толькі каштоўны вопыт работы на розных лакацыях і ў розных умовах, але і шмат уражанняў. "Калі магу застацца пасля фотасесіі і запісаць гісторыю сваёй гераіні, паказаць не толькі яе знешнюю прыгажосць, але і ўнутраную, атрымліваю ад гэтага большае задавальненне, чым нават ад самога працэсу фотаздымкі. Дзякуючы гэтай серыі фатаграфій адкрыў для сябе 12 асаблівых, дастойных і моцных жанчын, правесці час з якімі было для мяне асабліва каштоўна. З адной з гераінь - Вольгай Чачко - ужо даўно быў знаёмы, паколькі 16 гадоў таму я працаваў у цэхах Мінскага трактарнага завода, таму не па чутках ведаю пра тое, наколькі гэта цяжкая праца", - падзяліўся аўтар.

Вольга Чачко працуе на Мінскім трактарным заводзе ўжо 27 гадоў. За гэты час жанчына паспела азнаёміцца і з прафесіяй кантралёра, і са слясарнай справай, а апошнія два гады працуе зваршчыкам кантактнай зваркі. Паколькі яна доўгі час працуе на заводзе і паказвае добрыя вынікі, Вользе Чачко прапанавалі паўдзельнічаць у праекце і падзяліцца сваёй гісторыяй поспеху, што стала для шматпрофільнага вопытнага спецыяліста нечаканасцю. "Гэта прафесія для мяне асаблівая, таму што складана апісаць словамі, якія я адчуваю эмоцыі, калі з маленькіх дэталей ствараю адну вялікую, такую важную і каштоўную на вытворчасці. І я ж не адна такая, каго сапраўды цікавіць гэта справа. У нашым цэху працуюць яшчэ шэсць жанчын. Многія з нас у перадавіках нараўне з мужчынамі", - расказала яна.

Начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун адзначыў, што сучасныя жанчыны часцей за ўсё выбіраюць прафесіі, звязаныя са сферай адукацыі, абслугоўвання і сацыяльнымі паслугамі. Аднак найбольш запатрабаваныя на рынку працы цяпер рабочыя спецыяльнасці ў прамысловасці і будаўніцтве. Шмат вакансій і ў сферы абслугоўвання: павялічыўся попыт на сярэдні медыцынскі персанал, повараў, прадаўцоў. "На пачатковым этапе многія маладыя людзі выбіраюць прафесію часцей за ўсё інтуітыўна. Мы распрацавалі пілотны праект, дзе спрагназавалі, якія спецыялісты будуць патрэбны нашай эканоміцы ў бліжэйшыя гады. Гэтыя планы прапрацоўваюцца сумесна з Міністэрствам адукацыі, што дапаможа скарэкціраваць палітыку ў сферы падрыхтоўкі кадраў", - сказаў ён.

Фотавыстава "Яе справа" рэалізуецца ў рамках праекта "Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі", што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і накіраваны на адаптацыю сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў Беларусі пад патрэбнасці сучаснага рынку працы. Запланаваны больш за 115 мерапрыемстваў, адна з галоўных мэт якіх - палепшыць магчымасці працаўладкавання моладзі і дарослага насельніцтва. У якасці асноўных бенефіцыяраў праекта выступаюць Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства эканомікі Беларусі, а таксама Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі.

Выстава будзе праходзіць да 10 красавіка. Уваход свабодны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі