Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 лютага 2022, 16:49

Першай выдадзенай у Беларусі кнізе споўнілася 500 гадоў

14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава, прысвечаная 500-годдзю першай кнігі, выдадзенай на беларускіх землях, прадстаўлена ў Нацыянальнай бібліятэцы, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

На выставе "Скрозь стагоддзі", прысвечанай 500-годдзю "Малой падарожнай кніжкі" Францыска Скарыны, прадстаўлены работы студэнтаў, магістрантаў і выкладчыкаў, выкананыя ў тэхніцы высокага друку і камп'ютарнай графікі.

Большасць работ - рэканструкцыя першага тытула "Малой падарожнай кніжкі", які не захаваўся да нашага часу, але аднаўляецца дзякуючы выкарыстанню своеасаблівага шрыфту і кампазіцыі выдання XVI стагоддзя, астатнія работы - вынік эксперыментаў па стварэнні новых шрыфтавых напісанняў па ўзоры старонак "Малой падарожнай кніжкі".

Сучасныя тэхналогіі, магчымасці камп'ютарнай графікі і лічбавага друку мастакам далі шырокую прастору для самавыяўлення. Уражвае разнастайнасць варыянтаў напісання і стварэння шрыфтавых кампазіцый.

"Графічныя і вобразныя эксперыменты з гістарычнымі формамі шрыфтоў пры захаванні характэрных асаблівасцей "Малой падарожнай кніжкі", стылістыкі часу, эстэтыкі, дэкаратыўных асаблівасцей і знаходак першадрукара - даніна павагі юбілею беларускага кнігадрукавання і значны ўклад у развіццё шрыфтавай культуры Беларусі", - адзначылі ў музеі.

Экспазіцыю дапоўнілі выданні, прысвечаныя дзейнасці беларускага першадрукара, даследаванні і факсіміле ўнікальнага зборніка для падарожнікаў, а таксама паштоўкі з серыі "Мастацкая Скарыніяна" з фонду бібліятэкі.

У адкрыцці выставы прынялі ўдзел намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша, прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Андрэй Васілеўскі і дэкан факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДАІ, член Беларускага саюза мастакоў Усевалад Свентахоўскі.

"Знакавая падзея ў культурным жыцці краіны праз стагоддзі натхняе сучаснае беларускае кнігадрукаванне і мастацтва на творчы водгук, энтузіязм, развіццё і працвітанне", - падкрэслілі ва ўстанове культуры.

Выстава "Скрозь стагоддзі", прысвечаная 500-годдзю "Малой падарожнай кніжкі", арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў.

Наведаць выставу можна будзе да 1 красавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі