Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 лістапада 2018, 10:57

Памятны знак "Наваполацк - культурная сталіца Беларусі" адкрыюць 14 снежня

29 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш як 2 тыс. мерапрыемстваў адбылося ў Наваполацку за час рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца Беларусі", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гарвыканкаме.

Завяршальным акордам акцыі стане праграма святочных мерапрыемстваў 14 снежня. Адкрые яе інтэрактыўная выстава "Лілея сяброўства" ў гарадскім Цэнтры культуры. Тут будзе прадстаўлены вынік творчага праекта з аднайменнай назвай, які стаў адной са знакавых падзей акцыі "Культурная сталіца Беларусі". Праект быў накіраваны на знаёмства моладзі з культурай гарадоў-пабрацімаў Наваполацка праз стасункі з равеснікамі.

Затым усе ўдзельнікі перамесцяцца ў гарадскі сквер на плошчы Будаўнікоў, дзе адбудзецца адкрыццё памятнага знака "Наваполацк - культурная сталіца Беларусі". Арт-аб'ект уяўляе сабой постаць музы з лілеяй у руках (сімвал горада). Прадоўжыць святочную праграму канцэрт у Палацы культуры "Нафтана", на якім выступяць лепшыя творчыя калектывы горада і запрошаныя артысты.

Статус культурнай сталіцы Беларусі адыграў вялікае значэнне ва ўмацаванні іміджу Наваполацка. За 2018 год горад стаў месцам правядзення вялікай колькасці культурных мерапрыемстваў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Тут праводзіліся ўжо стаўшыя візіткай горада міжнародны конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні "Халі-хало", міждзяржаўны конкурс юных піяністаў "Музычная лілея", міжрэгіянальны конкурс-пленэр "Палітра Прыдзвіння", фестываль прыгажосці і грацыі "Міс Наваполацк". Упершыню прайшлі гарадскія конкурсы бардаўскай песні "Сем струн душы", ансамблевай музыкі "Вясенняя фантазія", фестываль урбаністычнага мастацтва "Жывы бетон", якія выклікалі вялікую цікавасць сярод канкурсантаў і гледачоў. Упершыню Наваполацк на святкаванні 60-годдзя горада прыняў фестываль "Песня года Беларусі".

"Гэтыя і многія іншыя падзеі 2018 года (выстаўкі, акцыі, канцэрты, конкурсы і г.д.) праходзілі пад знакам "Наваполацк - культурная сталіца Беларусі 2018 года" і без сумнення ўпрыгожылі культурнае жыццё гасцей і жыхароў нашага горада", - рэзюмавалі ў гарвыканкаме.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі