Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 жніўня 2020, 10:12

НББ запрашае азнаёміцца з творчасцю пісьменнікаў-фантастаў Азімава і Брэдберы

3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае азнаёміцца з творчасцю пісьменнікаў-фантастаў Айзека Азімава і Рэя Брэдберы. Выстава "Наперадзе часу" прысвечана 100-годдзю з дня іх нараджэння. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў НББ.

"Айзек Азімаў і Рэй Брэдберы - наватары, якія сталі класікамі і падарылі чытачам унікальны свет, таленавітыя прароцтвы і перасцярогі. Яны пачыналі ў эпоху, калі фантастыка была адной з разнавіднасцей таннага чытання, pulp fiction. Гэты жанр пасталеў разам з імі і стаў такім, якім мы яго ведаем і любім. У цэнтры ўвагі літаратурнай творчасці пісьменнікаў - сацыяльныя і духоўныя аспекты тэхнічнага развіцця, праблемы актыўнай дзейнасці чалавека ў сучасным свеце, барацьба супраць зла і пагрозы вайны", - расказалі ў НББ.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць галоўныя творы пісьменнікаў. Самыя вядомыя з буйных форм, якія прынеслі славу Рэю Брэдберы, - "451 градус па Фарэнгейту", "Марсіянскія хронікі" і "Віно з дзьмухаўцоў". На выставе можна ўбачыць вядомы раман "Набліжаецца бяда" і незавершаны твор "Маскі" пра адзінокага чалавека, які стварае сабе несапраўдны твар як адказ на абыякавасць навакольных. Але самая вялікая па аб'ёме частка творчасці Рэя Брэдберы - апавяданні. Менавіта ў гэтай форме ён дасягнуў вяршынь майстэрства, таму на выставе значнае месца адводзіцца зборнікам апавяданняў розных гадоў: "Чалавек у малюнках", "Сродак ад меланхоліі", "Цёмны карнавал".

Галоўныя тэмы ў творчасці Айзека Азімава - ачалавечванне робатаў і рассяленне людзей у космасе. "Тэме робатаў прысвечаны шматлікія апавяданні і аповесці "Я, робат", "Стальныя пячоры" і цыкл раманаў "Дэтэктыў Элайджа Бейлі і робат Дэніэл Аліва". Кнігі раскрываюць праблему ўзаемадзеяння людзей і робатаў і звязаныя з гэтым маральныя прынцыпы. Тры законы робататэхнікі, прыдуманыя Айзекам Азімавым, ляглі ў аснову навукі аб штучным інтэлекце. Аб асваенні космасу расказваюць цыклы "Трантарыянская імперыя" і "Акадэмія". Азімаў быў самым знакамітым папулярызатарам навукі свайго часу, навукова-папулярных кніг у яго было нават больш, чым мастацкіх. Яны ахопліваюць разнастайныя тэмы - ад фізікі і астраноміі да гісторыі і псіхалогіі. На выставе можна азнаёміцца са спадчынай Айзека Азімава і ў гэтым ракурсе.

Выстава будзе працаваць да 8 лістапада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі