Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 лістапада 2020, 16:00

НББ прадставіць рукапісы і рэдкія кнігі з асабістай калекцыі Уладзіміра Караткевіча

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "З кніг Уладзіміра Караткевіча" да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка адкрыецца 24 лістапада ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі арганізатары.

Упершыню наведвальнікі ўбачаць рукапісы, старадрукаваныя і рэдкія кнігі з кабінета і асабістай бібліятэкі аўтара. "Асноўнае месца ў экспазіцыі адведзена экслібрысам Уладзіміра Караткевіча. Пераважная іх частка зроблена самім пісьменнікам. Гэта разнастайныя кніжныя знакі, спецыяльна выкананыя і падабраныя для пэўных выданняў. Напрыклад, ён маляваў Францыска Скарыну, Міколу Гусоўскага, а таксама стварыў малюнак з абрысамі зброі касінераў. Акрамя таго, прадстаўлены пячатка і клішэ літаратара", - адзначылі ў бібліятэцы.

Сярод экспанатаў ёсць у тым ліку экслібрысы, якія стварылі для пісьменніка мастакі. На старонках выданняў можна будзе ўбачыць работы Іосіфа Капеляна, Генадзя Грака, Арлена Кашкурэвіча, Міколы Купавы, Уладзіміра Басалыгі і Вячкі Целеша. "Унікальныя надпісы на кнігах уводзяць у сяброўскае і творчае кола пісьменніка: аўтографы родных Уладзіміра Караткевіча, таварышаў і настаўнікаў маладосці, літаратурных прататыпаў, вядомых творцаў, сяброў і саратнікаў. Напрыклад, Адама Мальдзіса, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Янкі Брыля, а таксама нечаканы жартаўлівы аўтограф самому сабе", - звярнулі ўвагу ў НББ.

Выстава падрыхтавана сумесна з захавальнікамі спадчыны Уладзіміра Караткевіча - сям'ёй пляменніцы пісьменніка Алены Сінькевіч. У экспазіцыі прадстаўлены таксама кнігі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Наведаць выставу можна да 17 студзеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі