Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 лютага 2020, 15:53

Нацыянальны мастацкі музей пазнаёміць з жывапісам і графікай Юрыя Хілько

17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава жывапісу і графікі Юрыя Хілько "Цень ветру" адкрыецца 19 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены каля 50 твораў мастака, створаных на працягу 18 гадоў. Выстава прымеркавана да 60-годдзя аўтара.

Па сваім духу графічныя і жывапісныя работы Юрыя Хілько блізкія да лірычнай абстракцыі, дзе імгненнасць узнікнення вобраза вяршэнствуе над прадуманай пабудовай кампазіцыі. "Прынцып выпадковасці - адзін з ключавых у гісторыі сучаснага мастацтва - мастак асвойвае як метад. Яго кампазіцыі нараджаюцца хутка, спантанна, экспрэсіўна. Аднак гэта - тонкая графічная экспрэсія, дзе прысутнічаюць і лёгкая, амаль алоўкам контурнасць, і складаная каларыстычная нюансіроўка. У сваіх абстрактных кампазіцыях Юрый Хілько часта выкарыстоўвае прыём наслаенняў колеравых плям, дабіваючыся складанай фактуры і ілюзіі глыбіні", - расказалі ў НММ.

Нягледзячы на ўніверсальнасць мовы абстракцыі, у творах Юрыя Хілько адчувальна трывалая сувязь з беларускай культурай: "Прырода, гісторыя, фальклор, ды ўсё, што ёсць і адбываецца і будзе адбывацца ў Беларусі - гэта тое, чым я пастаянна захапляюся", - гаворыць мастак. Ключ да разгадкі і ў назвах яго работ - "Купалле", "Каляда", "На краі Ясельды".

Значнае месца ў творчасці Юрыя Хілько займае кніжная ілюстрацыя. У гэтым відзе графікі мастак праяўляе сябе як умелы майстар тонкага малюнка са скрупулёзнай прапрацоўкай дэталей і фігуратыўных кампазіцый.

На выставе прадстаўлены ілюстрацыі да кніг "Поговорки и пословицы - мудрого языка привязки"(2017), "Бежала лисичка возле леса близко" (2018), Міхай Эмінеску "Лучафэрул" (2017).

Юрый Хілько нарадзіўся 13 лютага 1960 года ў горадзе Баранавічы Брэсцкай вобласці. У 1980 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1991-м - Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). З 2007 года ўзначальвае кафедру графікі БДАМ, выкладае. Сярод яго выпускнікоў - многія вядомыя сучасныя беларускія мастакі. З 1993 года - член Беларускага саюза мастакоў. Работы Юрыя Хілько знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў у Мінску, у многіх абласных музейных зборах Беларусі, у калекцыях галерэй і цэнтраў сучаснага мастацтва Расіі, Германіі, Швецыі, Індыі, Італіі, Польшчы, ЗША.

Выстава будзе працаваць па 16 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі