Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 лютага 2022, 09:25

Народны мастак Беларусі Іван Міско адзначае юбілей

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Таленавітаму мастаку, заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі, народнаму мастаку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР Івану Міско сёння спаўняецца 90 гадоў.

Нарадзіўся Іван Якімавіч Міско ў 1932 годзе ў вёсцы Чамяры Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Кожны раз, калі бацькі ішлі на работу, а хлопчык заставаўся за гаспадара, пачыналася творчасць. Іван даставаў вуголле з печкі і яе ж распісваў. Потым мама, вядома, забельвала печку, а хлопчык зноў і зноў маляваў.

Калі настаў час вызначаць свой жыццёвы шлях, Іван без роздуму вырашыў стаць мастаком. Мара спраўдзілася: ён паступіў у мастацкае вучылішча ў Мінску. Аднак з першага курса пайшоў у армію. Служыў далёка ад родных мясцін, у Забайкаллі. Але і там стараўся не расставацца з жывапісам. Маляваў партрэты для гарнізоннага клуба, афармляў насценгазету. Завочна скончыў вучылішча пры Усесаюзным доме мастацкай творчасці імя Н.К. Крупскай у Маскве. А калі адслужыў, прадоўжыў вучобу ў Мінску. Праўда, лёс распарадзіўся так, што, паступіўшы на аддзяленне жывапісу, скончыў скульптурнае аддзяленне. Аднойчы ўбачыўшы, як працуе скульптар, быў узрушаны. Магчымасць тварыць у жывой прасторы падалася Івану Якімавічу больш прывабнай і сэрца назаўсёды прыкіпела да скульптуры.

Пачаткам творчай біяграфіі стала дыпломная кампазіцыя "Юнацтва". У 1957 годзе Іван Міско скончыў вучылішча, потым Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Галоўная тэма твораў Івана Якімавіча - касманаўтыка і яе героі. Невыпадкова Івана Міско часта называюць "касмічным" скульптарам. Гэтай тэмай малады мастак захапіўся ў той год, калі не стала Юрыя Гагарына. "Неяк вечарам прыйшоў дадому і пачуў па радыё: трагічна абарвалася жыццё першага касманаўта Юрыя Гагарына. Раніцай пад гукі жалобнай музыкі я стаў ляпіць яго скульптурны партрэт", - успамінае ў адным з інтэрв'ю Іван Міско.

Іван Якімавіч як кожны не пазбаўлены цікаўнасці чалавек хацеў бы паляцець у космас. Аднойчы ў Зорным гарадку яму прапанавалі патрэніравацца на цэнтрыфугах, у якіх звычайна трэніруюцца касманаўты. Пасля некалькіх гадзін трэніровак Іван Міско зразумеў, што зорная прафесія не для яго і ён будзе займацца сваёй справай, якая ў яго атрымліваецца значна лепш, чым падрыхтоўка да палёту.

У майстэрні Івана Якімавіча ёсць партрэты акцёра Генадзя Аўсяннікава, канцлера ВКЛ Льва Сапегі, нават дэпутата і ў мінулым кіраўніка "Ласкавага мая" Андрэя Разіна, але скразной лініяй творчасці застаецца касмічная тэма.

Міско - аўтар цэлай галерэі скульптурных партрэтаў выдатных прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Сярод іх амаль усе касманаўты былога Савецкага Саюза, а таксама беларускія касманаўты Уладзімір Кавалёнак, Пётр Клімук і Алег Навіцкі. Івану Міско пазіравалі многія ўдзельнікі інтэрнацыянальных экіпажаў - прадстаўнікі Польшчы, Кубы, Румыніі, Манголіі, Францыі, Германіі, Балгарыі, Сірыі, Вялікабрытаніі, В'етнама, Аўстрыі, Японіі, Афганістана, Індыі. Практычна з кожным з іх Іван Міско знаёмы асабіста.

Цікава, што кожны касманаўт, які адпраўляецца ў палёт, пакідае аўтограф на дзвярах гасцінічнага нумара, у якім начуе перад стартам. Такую традыцыю завялі і ў майстэрні Івана Міско. Цяпер на знакамітых дзвярах больш за сотню подпісаў і не толькі пакарыцеляў космасу, але і выдатных вучоных, знакамітых кампазітараў і паэтаў.

У 2002 годзе за значны ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва, дасягненні ў галіне станковай і манументальнай скульптуры Іван Якімавіч быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. У 2014 годзе атрымаў прэмію Саюзнай дзяржавы за стварэнне скульптурных твораў. Таксама ён з'яўляецца ганаровым грамадзянінам горада Слоніма і Слонімскага раёна.

Іван Якімавіч увесь свой час праводзіць у майстэрні і нават на выхадных. "Баюся, што не паспею зрабіць усё, што задумаў. А ідэй у мяне яшчэ вельмі шмат", - гаворыць народны мастак.

У верасні 2021 года ў сталіцы на Алеі славы на Усходніх могілках адбылося ўрачыстае адкрыццё створанага Іванам Якімавічам помніка Ігару Лучанку, з якім ён быў у сяброўскіх і цёплых адносінах.

Іван Міско прадаўжае тварыць і марыць паставіць помнік Казіміру Семяновічу, буйнейшаму вынаходніку ў Вялікім Княстве Літоўскім.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі