Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 верасня 2018, 11:33

Макей: аднаўленне першага буквара - значная падзея ў культурным жыцці Беларусі

7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аднаўленне першага буквара - значная падзея ў культурным жыцці Беларусі. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Макей на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 400-годдзю выдання першага ў свеце "Буквара славянскай мовы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Выстаўка "Буквары народаў свету" і факсімільнае аднаўленне першага буквара - значная падзея ў культурным жыцці гэтага года. Такія праекты эфектыўна садзейнічаюць папулярызацыі лепшых прыкладаў кніжнай культуры беларускага народа, захаванню нашай культурнай спадчыны. Яны таксама садзейнічаюць пашырэнню і актуалізацыі супрацоўніцтва ў сферы культуры з іншымі краінамі, развіццю дружбы і ўзаемаразумення паміж народамі", - сказаў Уладзімір Макей.

Ён падкрэсліў, што буквар дапамагае кожнаму чалавеку закласці аснову вывучэння граматы. "Заслуга буквара ў тым, што засваенне азоў мовы і літаратуры праходзіць адначасова з атрыманнем першых ведаў па гісторыі, геаграфіі, культуры свайго народа, яго дасягненнях у розных сферах жыцця. Буквар дапамагае дзіцяці далучыцца да нацыянальных традыцый, духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей свайго народа", - адзначыў міністр.

Прэзентацыя факсімільнага выдання "Буквара" адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы, якая рэалізавала гэты праект пры падтрымцы міністэрстваў замежных спраў, культуры і адукацыі, пасольстваў Беларусі ў Вялікабрытаніі і ў Латвіі, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і Белінвестбанка. У рабоце прымалі ўдзел Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Лонданская бібліятэка Мідл Тэмпл, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Першай у свеце кнізе пад назвай "Буквар" 24 ліпеня споўнілася 400 гадоў. У 1618 годзе ўбачыў свет "Буквар славянскай мовы", і да яго з'яўлення мелі дачыненне беларусы.

Першы "Буквар" выйшаў на царкоўнаславянскай мове ў друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духа ў Еўі. "Буквар" выйшаў на 52 лістах у кішэнным фармаце. У ім размешчаны славянскі алфавіт, прыклады складоў з дзвюх і трох літар, простыя словы на царкоўнаславянскай мове, пералік знакаў прыпынку, лічбаў (у кірылічнай традыцыі), а таксама азы граматыкі і тэксты для чытання, якія ўключаюць рэлігійныя гімны, малітвы, запаведзі, пропаведзі.

Юбілейныя мерапрыемствы ў Нацыянальнай бібліятэцы праходзяць з пачатку года. Да гэтага часу адбыліся выстаўкі, якія прадэманстравалі 400-гадовую гісторыю буквароў, а таксама расказалі пра буквары народаў свету.-0-

Фота Аксаны Манчук

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі