Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 жніўня 2021, 09:47

Культурны шлях даўжынёй 7 тыс. гадоў: на выставе ў Мінску прадставілі творы пакістанскага мастацтва

13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Шлях Пакістана", прымеркаваная да Дня незалежнасці Ісламскай Рэспублікі Пакістан, адкрылася 12 жніўня ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
 
"Пакістан - даволі вялікая краіна з насельніцтвам больш як 220 млн чалавек. На працягу 7 тыс. гадоў гэта зямля была калыскай розных цывілізацый, і наша культурная спадчына складвалася на працягу ўсяго гэтага часу. Наша краіна - сувязнае звяно паміж Цэнтральнай Азіяй і Блізкім Усходам. У адным Пакістане вы зможаце знайсці ўсё, што прапануе вам ўвесь свет. Мы ганарымся, што мы мультыкультурная, мультынацыянальная і мультыэтнічная краіна", - сказаў на адкрыцці выставы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Пакістана ў Беларусі Саджад Хайдэр Хан.
 
У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс і фотаздымкі, якія адлюстроўваюць хараство прыроды і архітэктуры Пакістана. Можна таксама ўбачыць нацыянальнае адзенне і аксесуары, разнастайныя прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія перадаюць нацыянальны каларыт і старажытнасць традыцый. "Гэты праект азнаёміць усіх з багаццем пакістанскага жывапісу, каліграфіі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва", - падкрэсліла дырэктар мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" Марына Татарэвіч.
 
Цэнтрам выставы сталі работы мастака Джымі Інжынера, якія адлюстроўваюць праўду, справядлівасць і спагаду да людзей. Карціны мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях у больш як 60 краінах. Ён правёў звыш 80 выстаў у Пакістане і за мяжой, арганізаваў больш за 140 дабрачынных праграм для інвалідаў, зняволеных і дзяцей-сірот, атрымаў звыш 100 узнагарод і медалёў за доўгую і выдатную кар'еру ў галіне мастацтва і сацыяльную работу.
 
Наведвальнікам таксама прадставілі работы пакістанскага фатографа Хаміда Хусэйна, які суправаджае турыстычныя групы ў турах па Шаўковым шляху. У вольны час ён адпраўляецца ў паходы па гарах рэгіёна, даследуе новыя пешаходныя маршруты і прыродныя даліны, здымае на камеру краявіды мясцін, па якіх падарожнічае.
 
У галерэі можна азнаёміцца з работамі мастака і паэта Садэквайна. Ён не проста пісаў звычайныя карціны, каб зарабіць на жыццё, а ствараў помнікі і дарыў іх чалавецтву. Работы Садэквайна падобныя па складанасці да сімфоніі, яны ўвасабляюць паэзію колеру і гармонію рытму. Карціны майстра захоўваюцца ў Метраполітэн-музеі ў Нью-Ёрку, Каралеўскім музеі Антарыа ў Таронта і Музеі сучаснага мастацтва ў Парыжы.
 
"Самі пакістанцы і многія сусветныя мастацтвазнаўцы вельмі высока ацэньваюць творчасць Садэквайна, паколькі работы выкананы ў абсалютна розных жанрах, і ў нас з вамі ёсць унікальная магчымасць акунуцца ў яго творчасць. Работы іншых прадстаўленых на выставе аўтараў таксама даволі аўтэнтычныя, напоўненыя святлом і любоўю да Пакістана. Я спадзяюся, што ўсе наведвальнікі атрымаюць задавальненне ад прагляду экспазіцыі. Асабліва я ўдзячна спадару Саджаду Хайдэру Хану за магчымасць арганізацыі, супрацоўніцтва і творчы дыялог", - дадала дырэктар галерэі.
 
Частка экспазіцыі прысвечана афармленню фургонаў - даўняй пакістанскай традыцыі, якая стала ўжо народнай. Маляўнічая размалёўка транспарту бярэ пачатак у далёкім мінулым, калі адзіным сродкам для перавозкі цяжкіх грузаў была звычайная павозка, запрэжаная коньмі. Сёння размалёўку грузавікоў можна параўнаць са своеасаблівым рытуалам для мясцовых вадзіцеляў. Яны ўдзяляюць шмат увагі не ўнутранаму дэкарыраванню і ўдасканаленню аўто, а знешняму. У гэтай краіне размалёўка машын ператварылася ў асобны напрамак мастацтва.
 
"Гэта ўжо не першы наш праект сумесна з пасольствам Пакістана. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, галерэя "Універсітэт культуры", уся Беларусь заўсёды адкрыты для людзей добрай волі. Мы заўсёды паважліва ставімся да культуры іншых краін, цэнім і любім нашых сяброў незалежна ад таго, як далёка ад нас знаходзіцца тая ці іншая краіна", - падкрэсліла рэктар БДУКіМ Наталля Карчэўская.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі