Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Конкурс перакладаў "Двувершаў" Максіма Багдановіча дазволіў дакрануцца да гісторыі - пераможца

Культура 02.04.2019 | 19:39

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пераможцаў конкурсу на лепшы літаратурны пераклад з рускай на беларускую мову раней невядомага верша Максіма Багдановіча "Двувершы" ўшаноўвалі сёння ў Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі, паведаміў карэспандэнт БЕЛТА з цырымоніі ўзнагароджання.

Першае месца заняла Мая Галіцкая з Буда-Кашалёва Гомельскай вобласці. Яна расказала, што паэзію Максіма Багдановіча любіць са студэнцкай лаўкі. Калі даведалася пра конкурс перакладаў, адразу вырашыла ўдзельнічаць. Пераклад свой напісала за адзін дзень і не чакала, што стане пераможцай.

"Літаратурныя перакладчыцкія конкурсы заўсёды значныя. Бо, па-першае, яны паказваюць сінтэз моў, а, па-другое, такія конкурсы даюць магчымасць дакрануцца да нашай гісторыі і каранёў, культуры", - адзначыла Мая Галіцкая.

Другое месца прысуджана мінчаніну Віктару Лоўгачу, які адным з першых прыслаў пераклад "Двувершаў" на конкурс. "Я прадставіў цяжкае жыццё нашага класіка і літаральна за сем хвілін напісаў свой варыянт перакладу. Вельмі прыемна, што яго адзначыла журы конкурсу, спадзяюся, чытачам ён таксама спадабаецца", - сказаў ён.

Бронза на конкурсе перакладаў дасталася Аксане Гаўрылік з аграгарадка Ілья Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Заахвочвальны прыз - у Надзеі Лазерка з Барысава.

Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы ўзнагародзіў усіх пераможцаў камплектамі кніг, якія стануць добрым дапаўненнем дамашняй бібліятэкі.

Як паведамлялася раней, невядомы верш Максіма Багдановіча ў лістападзе мінулага года ўбачыла намеснік дырэктара Інстытута сусветнай літаратуры імя Горкага Расійскай акадэміі навук Дар'я Маскоўская. Яна знайшла ў архівах студэнцкі сшытак класіка, датаваны ім самім 1913-1914 гадамі. Гэты сшытак беларускія даследчыкі шукалі амаль 100 гадоў, ён згадваўся ў перапісцы з Максімам Горкім. Знамянальна, што ўвесь гэты час ён знаходзіўся ў архіве і проста трапіў не ў тую папку. Невядомы верш класіка "Двувершы" напісаны на рускай мове. Прычым Максім Багдановіч указаў, што гэта - пераклад з беларускай мовы. Аднак беларускамоўны арыгінал твора нідзе і ніколі не публікаваўся. Урэшце, як і яго рускамоўны варыянт.

Усведамляючы асаблівую значнасць знаходкі, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота прапанаваў арганізаваць конкурс на лепшы пераклад на беларускую мову знойдзенага верша. Беларускае тэлеграфнае агенцтва падтрымала гэту ініцыятыву і правяло літаратурнае спаборніцтва з мэтай садзейнічаць умацаванню культурных сувязей, міжнацыянальнага міру і згоды, садзейнічаць развіццю і падтрымцы нацыянальнай літаратуры Беларусі, папулярызаваць беларускую мову і прыцягнуць увагу да творчасці Максіма Багдановіча, а таксама падтрымаць таленавітых перакладчыкаў і літаратараў.

Арганізатарамі праекта выступілі Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, Інстытут сусветнай літаратуры імя Горкага Расійскай акадэміі навук, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (філіял "Літаратурны музей Максіма Багдановіча"), грамадскае аб'яднанне "Саюз пісьменнікаў Беларусі".-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Культура
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Аб дамашнім заданні для школьнікаў Аб'ём дамашняга задання павінен адпавядаць санітарным нормам з улікам задаваемага па іншых прадметах.